Прадстаўнік Узброеных сіл Украіны заявіў пра «намётавыя мястэчкі на 4 палігонах» Беларусі і ацаніў пагрозу новага наступу

Сяргей Наеў

Частку расейскіх войскаў вывелі з тэрыторыі Беларусі, пагроза наземных дзеяньняў ворага з паўночнага напрамку застаецца нізкай, гаворыцца ў заяве камандуючага Аб’яднанымі сіламі Ўзброеных сіл Украіны генэрал-лейтэнанта Сяргея Наева.

«На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь знаходзяцца расейскія войскі, была праведзеная ратацыя, частку гэтых сіл вывелі. Цяпер ёсьць інфармацыя, што на тэрыторыі Беларусі засталіся на чатырох палігонах намётавыя мястэчкі, гатовыя прыняць дадатковыя сілы», — заявіў Сяргей Наеў.

Камандуючы Абʼяднанымі сіламі Ўзброеных сіл Украіны падкрэсьліў, што «сытуацыя стабільная і кантралюемая».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі войскі РФ зойдуць зь Беларусі, то тут усе і застануцца», — кіраўнік памежнай службы Ўкраіны

Рэжым Лукашэнкі падтрымаў агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла выкарыстоўваць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных украінскіх гарадоў, у выніку якіх загінулі дзясяткі тысяч украінскіх мірных жыхароў.

Расейскія вайскоўцы праходзяць навучаньне ў Беларусі на палігонах перад адпраўкай на вайну ва Ўкраіну. З 25 лютага зь Беларусі на акупаваную Расеяй частку ўкраінскага Данбасу адправілі пяць эшалёнаў з расейскімі вайскоўцамі і тэхнікай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Замест пяці расейскіх эшалёнаў, якія выбылі зь Беларусі на Данбас, прыбываюць новыя
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Gulagu. net: У Беларусь перакінутае расейскае спэцпадразьдзяленьне высокааплатных наймітаў