У Францыі Сэнат прагаласаваў за пэнсійную рэформу, нягледзячы на шматтысячныя пратэсты. Што з пэнсіямі ў Беларусі

Пратэсты супраць пэнсійнай рэформы ў Францыі

У Францыі Сэнат падтрымаў праект пэнсійнай рэформы, які прадугледжвае, акрамя іншага, паступовае павышэньне пэнсійнага ўзросту з 62 да 64 гадоў.

За гэтую ініцыятыву ў ноч на 12 сакавіка прагаласавалі 195 сэнатараў, супраць — 112, паведамляе Deutsche Welle.

«Пасьля сотняў гадзін дэбатаў Сэнат прыняў плян па пэнсійнай рэформе. Гэта вырашальны этап, каб давесьці да канца рэформу, якая гарантуе бясьпеку будучыні нашых пэнсій», — напісала ў сувязі з гэтым у Twitter прэм’ер-міністарка Францыі Элізабэт Борн.

15 сакавіка праект рэформы павінен будзе прайсьці праверку абʼяднанага камітэта, які складаецца з прадстаўнікоў ніжняй і верхняй палат францускага парлямэнту. Калі камітэт ухваліць дакумэнт, 16 сакавіка па ім правядуць фінальнае галасаваньне ў абедзьвюх палатах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Французы страйкуюць супраць падвышэньня пэнсійнага ўзросту да 64 гадоў

11 сакавіка ў Францыі ў чарговы раз прайшлі масавыя пратэсты супраць пэнсійнай рэформы. Па дадзеных МУС Францыі, у іх прынялі ўдзел 368 тысяч чалавек па ўсёй краіне. Між тым прафсаюз CGT налічыў больш за мільён удзельнікаў. CGT і іншыя прафсаюзы заклікалі да агульнанацыянальнай забастоўкі ў сераду, 15 сакавіка.

Пэнсійная рэформа зьяўлялася адным з галоўных перадвыбарных абяцаньняў прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона. Яна прадугледжвае паступовае павышэньне пэнсійнага ўзросту з 62 да 64 гадоў, а таксама павелічэньне да 43 гадоў мінімальнага тэрміну, на працягу якога неабходна рабіць унёскі, каб атрымліваць пэнсію ў поўным абʼёме. Пры гэтым мінімальны абʼём пэнсіі ўрад Макрона мае намер падняць да 1200 эўра за месяц.

Цяпер многія пажылыя людзі ў Францыі працуюць і пасьля дасягненьня пэнсійнага ўзросту — 62 гадоў, — каб набраць неабходную колькасьць гадоў, на працягу якіх рабіліся ўнёскі. Аднак пры дасягненьні 67 гадоў грамадзянін мае права атрымліваць пэнсію ў поўным абʼёме незалежна ад тэрміна, у які рабіліся гэтыя адлічэньні. Гэтая акалічнасьць павінна застацца нязьменнай.

Прафсаюзы лічаць пэнсійную рэформу несправядлівай і неапраўдана жорсткай і заклікаюць правесьці рэфэрэндум на гэтую тэму. Паводле апытаньняў, супраць прапанаваных урадам зьменаў выступаюць дзьве траціны французаў.

А што ў Беларусі

Пэнсійная рэформа, распачатая ў Беларусі ў 2017 годзе, працягнецца да 2025 году, паведаміла ў студзені 2023 году Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі. І калі ў 2022 годзе пэнсійны ўзрост дасягнуў свайго максымуму — 58 гадоў для жанчын і 63 гады для мужчын — і пакуль больш не расьце, то ўсе астатнія парамэтры працягваюць расьці.

Сярод гэтых парамэтраў, напрыклад, страхавы стаж — час, за які арганізацыя, дзе працуе работнік, выплочвае за яго ўнёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Калі ў 2022 годзе страхавы стаж быў роўны 18,5 гадам, дык з 1 студзеня 2023 году ён вырас на паўгода — да 19 гадоў. У 2024 годзе для выхаду на пэнсію па ўзросьце трэба будзе мець 19,5 гадоў страхавога стажу, у 2025 — 20 гадоў.

Калі страхавы стаж расьце штогод на паўгода, то заробак, зыходзячы зь якога вылічаецца пэнсія, кожны год павялічваецца на адзін год. У 2023 годзе гэты паказчык складзе 29 гадоў (у 2022 годзе быў 28), у 2024 годзе будзе 30 гадоў, у 2025 — 31 год. Гэта значыць, што ў 2023 годзе чалавек, які выходзіць на пэнсію, павінен прадставіць даведкі аб заработнай плаце зь месцаў, дзе ён працаваў 29 апошніх гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва ўрадзе расказалі, ці плянуюць далей павышаць пэнсійны ўзрост у Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чыноўнікі загаварылі пра накапляльныя пэнсіі. Што гэта такое?