«Павялічылася колькасьць правакацый. Пачалі засьвечваць лязэрным промнем відэакамэры. Адпаведна, усталяваньне фотапастак з мэтай фіксацыі памежнікаў Рэспублікі Беларусь. Практычна штодня чуваць стрэлы розныя», — заявіў у сюжэце дзяржаўнага тэлеканала АНТ намесьнік начальніка памежнай заставы «Глушкавічы» Ўладзіслаў Зянковіч.
У сюжэце АНТ журналіст кажа, што ўкраінскія памежнікі «вядуць сябе абуральна»: «Псаваньне інфраструктуры, агрэсіўныя жэсты, у тым ліку са зброяй, абразьлівыя надпісы на дарожных знаках, улёткі з заклікамі і аўдыёзапісы палітычнага характару, званкі з пагрозамі апэратыўным дзяжурным», — так ён апісвае дзеяньні ўкраінскіх памежнікаў, не ўдакладняючы зьмест улётак, аўдыёзапісаў і пагрозаў, пра якія гаворыцца ў сюжэце.
«Быў усталяваны макет павешанага вайскоўца ў форме расейскага войска, якога ўкраінскія памежнікі назвалі Валерай. Сказалі, што гэта вайсковец, забіты пад Кіевам. Гэта ўсё робіцца з мэтай нейкага запалохваньня і псыхалягічнага ціску на вайскоўцаў, якія ахоўваюць дзяржаўную мяжу нашай краіны», — кажа прадстаўнік Мазырскага памежнага атраду Сяргей Паўлаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памежнікі паказалі, як выглядае ўкраінская сьцяна на мяжы зь беларускага боку. ФОТАГэта далёка ня першы раз, калі беларускія памежнікі скардзяцца на ўкраінскіх. Так, у лютым яны заяўлялі, што яны вывешвалі бел-чырвона-белы сьцяг, сьпявалі гімн Украіны і іншыя песьні, агаляліся, а таксама гучна крычалі: «Я зараз гранату кіну».
У мінулым годзе кіраўнік Дзяржаўнага памежнага камітэта Анатоль Лапо скардзіўся на тое, што ўкраінскія памежнікі мінуюць дарогі і вывешваюць пудзілы.
На беларускім баку мяжы з Украінай зьявіліся білборды са сьцягам ЗША і напісам «Мы дапаможам Украіне знайсьці сапраўдных акупантаў»
12 сакавіка дзяржаўнае агенцтва навінаў БелТА паведаміла, што на беларускім баку ўкраінска-беларускай мяжы паставілі білборды са сьцягам ЗША і напісам па-ўкраінску «Мі допоможемо Украіні знайті справжніх окупантів» (бел.: «Мы дапаможам Украіне знайсьці сапраўдных акупантаў»), а таксама білборд з надпісам «Беларусь памятае».
Паводле дзяржаўнага агенцтва БелТА, іх разьмясьцілі ў 5 пунктах пропуску, «у адказ на разьмяшчэньне білбордаў на ўкраінскім баку».
На гэтым тыдні з украінскага боку мяжы, у Ровенскай вобласьці, усталявалі банэр з тэкстам «Акупантам ня месца на ўкраінскай зямлі».