Пра гэта Аляксандар Кабанаў паведаміў у сваім Фэйсбуку.
«Ператрус у бацькоў быў зьвязаны з тым, што на мяне завялі тры, а можа чатыры, а можа і трыццаць чатыры крымінальныя справы. Ды хоць пяцьсот, дэбілы», — напісаў Аляксандар.
На гэтым тыдні ў доме бацькоў Кабанава адбыўся ператрус.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У доме бацькоў былога палітвязьня Кабанава правялі ператрусАляксандар Кабанаў разам зь Сяргеем Пятрухіным вёў Youtube-канал «Народны рэпарцёр». Вялікую вядомасьць блогеры набылі, калі асьвятлялі сытуацыю вакол будаўніцтва ў Берасьці акумулятарнага заводу. У 2020 годзе Кабанаў да свайго арышту фактычна выконваў функцыі прэс-сакратара Сьвятланы Ціханоўскай.
15 чэрвеня 2020 году Кабанава затрымалі. 14 красавіка 2021 году ў Кастрычніцкім судзе Магілёва яго прызналі вінаватым у «арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушылі грамадзкі парадак» (арт. 342 Крымінальнага кодэксу) ды «зьнявазе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў» (артыкул 369 КК) і прысудзілі яму 3 гады пазбаўленьня волі.
17 сьнежня 2022 году Кабанаў выйшаў на волю з магілёўскай турмы № 4, цалкам адбыўшы тэрмін. У канцы студзеня Аляксандар пераехаў у Вільню. Пасьля гэтага ён даў некалькі вялікіх інтэрвію незалежным СМІ, у тым ліку рэсурсам, якія беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкімі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ціханоўская прасіла даць у СМІ, што яна здымаецца з выбараў. Я адмовіўся». Вялікая гутарка з былым палітвязьнем і блогерам Кабанавым