Крах 16-га па аб’ёме актываў банку ў ЗША выклікаў падзеньне курсаў акцый на Нью-Ёркскай біржы.
Аб праблемах з Silicon Valley Bank, які ў асноўным абслугоўвае кліентаў у Крамянёвай даліне, у тым ліку стартапы, стала вядома ў сераду. Высьветлілася, што банк страціў значныя сродкі, захоўваючы грошы ўкладчыкаў у дзяржаўных аблігацыях, кошты якіх рэзка ўпалі за апошні год з прычыны ўзьняцьця ўліковай стаўкі Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмай у якасьці антыінфляцыйнай меры.
Кіраўніцтва банка паспрабавала правесьці дадатковы выпуск акцый, але інфармацыя, якая выцекла ў прэсу, выклікала паніку сярод укладчыкаў. Ад выпуску акцый прыйшлося адмовіцца, а спроба знайсьці пакупніка для банку скончылася нічым пасьля таго, як Фэдэральная карпарацыя па страхаваньні ўкладаў абвясьцілі аб пераходзе банку пад яе кантроль.
Крах параўнальна буйнога рэгіянальнага банку з добрай рэпутацыяй выклікаў сур’ёзную трывогу на Уол-стрыт. Галоўнае пытаньне: ці зьяўляецца гэты выпадак прыкметай глыбейшых праблем у амэрыканскім банкаўскай індустрыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дасьледаваньне Oxfam: Скрайняя беднасьць у сьвеце расьце разам з скрайнім багацьцемАкцыі некалькіх рэгіянальных банкаў абрынуліся ў той час, як страты буйных банкаў былі нязначныя. Паводле словаў аналітыкаў, Silicon Valley Bank займаў асаблівую нішу ў банкаўскім сэктары, абслугоўваючы круг кліентаў пераважна абмежаваны Крамянёвай далінай, яго праблемы, хутчэй за ўсё, не зьяўляюцца характэрнымі для ўсяго сэктару.
У пятніцу міністар фінансаў ЗША Джанэт Елен абмеркавала сытуацыю з прадстаўнікамі Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы і Карпарацыі па страхаваньні ўкладаў. Елен выказала ўпэўненасьць у надзейнасьці банкаўскай сыстэмы і ў наяўнасьці ў рэгулюючых фінансавых службаў усіх неабходных інструмэнтаў для падтрыманьня яе стабільнасьці. Уклады амэрыканцаў застрахаваныя фэдэральным урадам на суму да 250 тысяч даляраў.
- Крах Silicon Valley Bank — найбуйнейшы з 2008 году. Яго актывы складалі больш за 200 мільярдаў даляраў.
- У 2008 годзе ахвярай фінансавага крызісу стаў Washington Mutual bank з 300 мільярдамі даляраў актываў.