Выбары кіраўніцтва Каардынацыйнай рады пройдуць 12 сакавіка. Хто прэтэндуе на пасады

Прэзыдыюм Каардынацыйнай рады, 18 жніўня 2020 году, Менск

Выбары кіраўніцтва Каардынацыйнай рады (КР) ў справе ўрэгуляваньня палітычнага крызісу ў Беларусі пройдуць 12 сакавіка, паведамляе тэлеграм-канал палітычнай структуры.

На пасаду спікера прэтэндуюць дзейныя прадстаўнікі КР Вольга Кавалькова і Андрэй Ягораў, а таксама лідэр ініцыятывы «Честные люди» Алена Жываглод і адзін з былых аўтараў праекту Nexta журналіст Ян Рудзік.

Адначасова сябры КР абяруць віцэ-сьпікера рады. Вынікі галасаваньня будуць абвешчаныя на пачатку наступнага тыдня.

КР будзе абмяркоўваць «грамадзка важныя тэмы», у тым ліку «пытаньні, зьвязаныя з мірным трансфэрам улады, аднаўленьнем дэмакратычнай формы дзяржаўнага кіраваньня, рознабаковай ацэнкай сытуацыі ў Беларусі і дзеяньняў органаў дзяржаўнай улады».

Сярод іншага КР будзе прапаноўваць, абмяркоўваць і зацьвярджаць стратэгічныя задачы Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК) і іншых грамадзкіх і палітычных суб’ектаў дэмакратычнага руху, якія ўсталююць стасункі «адказнага партнэрства» з радай.

КР пры ўзгадненьні з АПК будзе распрацоўваць і зацьвярджаць нацыянальныя праграмы і стратэгіі міжнароднай дапамогі для Беларусі; прадстаўляць інтарэсы грамадзтва на міжнароднай арэне «ў рамках узгодненых з АПК напрамкаў міжнароднай дзейнасьці дэмсіл».

  • Другое скліканьне гэтай палітычнай структуры (9 лютага 2023 году) складаецца з 25 членаў асноўнага складу КС першага скліканьня (19 жніўня 2020 году), 15 самавылучэнцаў, а таксама 75 дэлегатаў ад арганізацый грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сіл (па 15 ад пяці тэматычных сэктараў — «палітычныя арганізацыі», «правы чалавека, моладзь і экалёгія», «адукацыя, культура і мэдыя», «мясцовыя супольнасьці, прафсаюзы і бізнэс», «дыяспары»).
  • Тэрмін паўнамоцтваў другога склікання КС — «адзін год з дня правядзеньня першага ўстановачнага сходу (8 лютага 2023 года) пасьля фармаваньня поўнага складу».
  • Дэлегаты КР трэцяга і наступных скліканьняў будуць абірацца грамадзянамі Беларусі «на аснове ўсеагульнага, прамога, роўнага і тайнага галасаваньня». Дэлегатам ня можа быць член АПК або яго намесьнік з правам голасу.