У Беларусі затрымалі мужчыну, які здымаў даішнікаў на тэлефон. Праз гадзіну яго прывезьлі ў рэанімацыю

Супрацоўнік ДПС ў Менску, ілюстрацыйнае фота

Здарэньне адбылося 9 сакавіка ў горадзе Бярэзань Менскай вобласьці. Падрабязнасьці расказалі праваабаронцы цэнтра «Вясна» са спасылкай на сьведкаў здарэньня.

Мясцовы жыхар Уладзімер Панцюх на аўтавакзале пачаў здымаць дзеяньні супрацоўнікаў ДАІ, якія правяралі маршруткі. Панцюх палічыў, што даішнікі паводзілі сябе нахабна і хамілі кіроўцам. Як толькі супрацоўнікі ўбачылі тэлефон, адразу падбеглі, павалілі мужчыну на зямлю і павезьлі яго ў аддзел міліцыі, піша «Вясна».

Пазьней зьявіліся відэазапісы затрыманьня Ўладзіміра Панцюха. На першым відэа бачна, што мужчына не распачынаў ніякай бойкі, а проста здымаў дзеяньні супрацоўнікаў ДАІ. На другім відэа зафіксаваны сам момант затрыманьня — мужчыну з 3 групай інваліднасьці білі па нагах, а потым павалілі на зямлю.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, праз гадзіну затрыманага мужчыну прывезьлі ў рэанімацыю з сардэчным прыступам і сьлядамі зьбіваньня. Цяпер Панцюх знаходзіцца ў шпіталі пад канвоем. У яго трэцяя група інваліднасьці. Раней ён неаднаразова пераносіў інфаркты і апэрацыі на сэрцы.

Мужчыну чакае суд, паводле якога артыкулу, пакуль невядома.

Вэрсію інцыдэнту сілавікоў таксама пераказвае «Вясна». Паводле міліцыянтаў, Панцюх нібыта быў у нецьвярозым стане і распачаў бойку на вакзале, за што яго затрымалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўнае агенцтва БелТА пачало публікаваць «пакаяльныя» відэа затрыманых беларусаў