Аляксандар Лукашэнка 10 сакавіка падпісаў указ № 66 «Аб прызыве афіцэраў запасу на вайсковую службу», паведаміла ягоная прэсавая служба.
Указам прадугледжана прызваць у 2023 годзе ва Ўзброеныя Сілы да 230 грамадзян мужчынскага полу ва ўзросьце да 27 гадоў і ў органы памежнай службы — да 20 чалавек, якія прайшлі навучаньне па праграмах падрыхтоўкі афіцэраў запасу на вайсковых катэдрах або факультэтах і маюць воінскае званьне афіцэраў.
Паводле прэсавай службы Лукашэнкі, рэалізацыя ўказу «дасьць магчымасьць павысіць узровень укамплектаванасьці першасных воінскіх пасад афіцэрскага складу ва Ўзброеных Сілах, забясьпечыць якасную падрыхтоўку мабілізацыйнай рэзэрвы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці возьме беларускае войска ўдзел у вайне? Меркаваньне Аляксандра АзараваМінабароны Беларусі шмат разоў абвяргала зьвесткі пра магчымую мабілізацыю ў сувязі з вайной Расеі ва Ўкраіне, заяўляючы, што беларускія ваенкаматы праводзяць толькі плянавыя праверкі сьпісаў прызыўнікоў.
Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
Расейскія вайскоўцы праходзяць у Беларусі навучаньне на палігонах перад адпраўкай на вайну з Украінай. З 25 лютага зь Беларусі на акупаваную Расеяй частку ўкраінскага Данбасу адправілі 5 эшалёнаў з расейскімі салдатамі і вайсковай тэхнікай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта русыфікацыя ператварыла Беларусь у пляцоўку, зь якой Расея бамбіць Украіну», — украінскі дэпутат і гісторык ВятровічДапамога ўладаў Беларусі ў расейскай вайне супраць Украіны
Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што Беларусь удзельнічае ў «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» ва Ўкраіне, усяляк падтрымліваючы Расею, але «нікога не забіваючы».
«Спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй» расейскае, а ўсьлед за ім і беларускае кіраўніцтва называе поўнамаштабную вайну супраць Украіны, якую Расея пачала 24 лютага 2022 году. Разам з тым Лукашэнка часам называе разьвязаны Расеяй канфлікт і вайной.
Улады ў Менску адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяньнях на баку Расеі, у той жа час тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварваньня, а таксама ў асобныя пэрыяды пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскай арміяй для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне.
Таксама ёсьць сьведчаньні, што Беларусь дапамагае Расеі зброяй: танкі і іншую бранятэхніку разам з боепрыпасамі актыўна вывозяць у Расею, хоць Мінабароны Беларусі сьцьвярджае, што тэхніку вывозяць на мадэрнізацыю.
У верасьні 2022 году беларускія ўлады абвясьцілі, што ў краіне створаць сумесную з Расеяй групоўку войскаў з прычыны «неабходнасьці супрацьстаяць агрэсіўным намерам NATO і забясьпечваць абараназдольнасьць». Неўзабаве пасьля гэтага ў Беларусь пачалі прыбываць эшалёны з расейскімі вайскоўцамі і тэхнікай, пераважна тэнтаванымі «КамАЗамі» для перавозкі салдат.
Паводле беларускага Міністэрства абароны, групоўка ўключае ў сябе да 9 тысяч расейскіх вайскоўцаў, а таксама да 170 танкаў, да 200 браняваных машын, да 100 гармат.