Як вынікае з прапагандысцкай стужкі, паказанай па дзяржаўнай тэлевізіі, шукалі 35-гадовага Віталя Якуціка. Ён прызэр спартовых спаборніцтваў у практычнай стральбе. Яго абвінавачваюць у тым, што нібыта ён прывёз у Беларусь дроны, якімі быў нанесены ўдар па самалёце А-50 у Мачулішчах, а таксама дапамог знайсьці жытло Мікалаю Швяцу, якому інкрымінуюць атаку дронамі на самалёт. Зь сюжэту вынікае, што цяпер Віталь Якуцік знаходзіцца ў Польшчы.
Раней незалежным СМІ стала вядома, што сілавікі затрымліваюць чальцоў стралковых клюбаў ды правяраюць іх на паліграфе на прадмет знаёмства з чалавекам, якога называлі «Якуцік».
Спартовы сайт By.tribuna.com сабраў, што вядома пра Віталя Якуціка.
Якуцік сапраўды жыве ў Польшчы, на аватары ў сацсетцы ў яго стаіць чорны фон з нанесеным БЧБ-сьцягам, а сярод ухваленых ім суполак — група Беларускага фонду спартыўнай салідарнасьці. У Лодзі ён уступіў у мясцовы клюб і ўжо бярэ мэдалі ў турнірах у Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ патлумачыў, чаму па ўсёй Беларусі затрымлівалі стралкоў. Вядома пра 20 затрыманых пасьля дывэрсіі ў МачулішчахЯкуцік вучыўся ў БДУІР і шмат гадоў працуе ў IT-сфэры. Пра сваё захапленьне стральбой сам Віталь расказваў: пачалося ўсё з таго, што яго сябар схадзіў на сэмінар фэдэрацыі практычнай стральбы па бясьпечным абыходжаньні са зброяй. Але, пастраляўшы зь пісталета, Якуцік вырашыў трэнавацца далей — пачаў удзельнічаць у матчах, пазьней паспрабаваў стрэльбу, а ў канцы 2016-га стаў страляць з наразнога карабіна.
Віталь Якуцік актыўна ўдзельнічаў у турнірах па страйкболе і лазэртагу і ў спэцыяльных гульнях, дзе ўдзельнікі паўтаралі якую-небудзь рэальную або выдуманую бітву. Самым сурʼёзным захапленьнем Якуціка была практычная стральба.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі пасол: у Беларусі арыштавалі сем грамадзян Украіны нібыта за шпіянаж, доступу консулаў да іх нямаЯкуцік удзельнічаў у многіх спаборніцтвах па ўсёй Усходняй Эўропе. 22 жніўня 2020-га выйграў некалькі двубояў у матчавай сустрэчы пад Берасьцем. Апошняя згадка пра Якуціка як беларускага прадстаўніка практычнай стральбы датуецца 2021 годам. У жніўні таго году Віталь узяў некалькі мэдалёў, у тым ліку залаты ў агульным заліку, на турніры па міні-карабіне ва ўкраінскай Адэсе, дзе выступаў у майцы з «Пагоняй».
Практычная стральба адносіцца да службова-прыкладных відаў спорту. У адрозьненьне ад алімпійскага віду, дзе стрэлы выконваюць зь месца, «практыкі» рухаюцца і пераадольваюць перашкоды — як гэта можа быць пры рэальным нападзе са зброяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінская выведка заявіла пра магчымую правакацыю на мяжы зь Беларусьсю