Нядаўна блогер зь Бярозы Аляксандар Кабанаў адбыў трохгадовае зьняволеньне. У сьнежні ён выйшаў на волю з магілёўскай турмы № 4. У канцы студзеня Аляксандар пераехаў у Вільню.
10 сакавіка былы палітзьняволены паведаміў у фэйсбук, што ў доме яго бацькоў адбыўся ператрус.
«Мяне шукалі, ці што?», — задаўся пытаньнем Кабанаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На волю выйшлі блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў, а таксама паэт Мікола ПапекаАляксандар Кабанаў разам зь Сяргеем Пятрухіным вёў ютуб-канал «Народны рэпарцёр». Вялікую вядомасьць блогеры набылі, калі асьвятлялі сытуацыю вакол будаўніцтва ў Берасьці акумулятарнага заводу. У 2020 годзе Кабанаў да свайго арышту фактычна выконваў функцыі прэс-сакратара Сьвятланы Ціханоўскай.
15 чэрвеня 2020 году Кабанава затрымалі. 14 красавіка 2021 году ў Кастрычніцкім судзе Магілёва яго прызналі вінаватым у арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушылі грамадзкі парадак (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу) ды зьнявазе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў (артыкул 369 КК).
Спачатку яго накіравалі ў навапалацкую калёнію № 1, а ў сьнежні Кабанава перавялі з калёніі на турэмны рэжым у магілёўскую «крытую» турму. Яшчэ раней у калёніі Аляксандра пакаралі шасьцю месяцамі ПКТ за «сыстэматычныя парушэньні правілаў утрыманьня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ціханоўская прасіла даць у СМІ, што яна здымаецца з выбараў. Я адмовіўся». Вялікая гутарка з былым палітвязьнем і блогерам Кабанавым