10 сакавіка пачынаецца суд над Уладзімірам і Дзьмітрыем Каракінымі з гурта Litesound, а таксама іх бацькамі Юрыем і Вольгай, паведамляе «Вясна».
Сям’ю Каракіных абвінавачваюць паводле двух артыкулаў: ч.1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і ч.2. арт. 295 КК (Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў).
Працэс пачынаецца ў 10:30 у судзе Савецкага раёна Менска. Весьці яго будзе Вольга Емяльянчанка.
У 2020 годзе ўдзельнікі гурту Дзьмітры і Ўладзімер Каракіны падтрымалі пратэсты супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, летась яны выступілі супраць нападу Расеі на Ўкраіну.
Як паведамляў тэлеграм-канал by_culture, у кастрычніку 2022-га ўсю сям’ю Каракіных: братоў-музыкаў гурту Litesound Дзьмітрыя і Ўладзімера, іх маці Вольгу і бацьку Юрыя, затрымалі сілавікі.
На ўсіх завялі крымінальныя справы паводле артыкулу 342 КК («Арганізацыя ці падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»). У іх знайшлі сямейнае фота на праезнай частцы падчас аднаго зь мірных нядзельных маршаў 2020-га.
У ІЧУ ў Юрыя Каракіна адбыўся інсульт; паведамлялася, што ён знаходзіўся дома.
Блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал летась у кастрычніку паведамляў, што братоў-музыкаў затрымліваў ГУБАЗіК пры падтрымцы САХР.
«Гурт Litesound трапіў на „Эўравізію“ толькі дзякуючы дапамозе ўладаў у справядлівым падліку галасоў. А ў 2020-м з трыбухамі прадаліся прайдзісьветам, спрабуючы хайпануць», — паведаміў пралукашэнкаўскі тэлеграм-канал.
Адзначалася, ўто быццам у доме знайшлі «невялікі арсэнал незарэгістраванай зброі і боепрыпасаў, які належыць бацьку сьпевакоў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На бацькоў арыштаваных удзельнікаў гурту Litesound таксама завялі крымінальныя справы. У ІЧУ бацька сьпевакоў перанёс інсультШто вядома пра гурт Litesound
- Заснаваны ў 2005-м братамі Каракінымі гурт Litesound ня раз удзельнічаў у міжнародных эстрадных фэстывалях і конкурсах.
- Гурт Litesound — удзельнік «Эўравізіі-2012».
- У 2012 гурт не прайшоў у фінал «Эўравізіі», аднак атрымаў Eurostar Award у выніку онлайн-галасаваньня.
- У 2020 Дзьмітры і Ўладзімер Каракіны падтрымалі пратэсты супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў, стварылі некалькі трэкаў па-беларуску.
- Летась музыкі выступілі супраць нападу Расеі на Ўкраіну.