Савет бясьпекі Беларусі на фоне «геапалітычнай напружанасьці» даручыў Мінабароны распрацоўку новай ваеннай дактрыны

Беларускія вайскоўцы (архіўнае фота)

Падставамі такой працы ўлады назвалі «зьмены ваенна-стратэгічнай абстаноўкі ў Беларусі».

На Нацыянальным прававым партале зьявілася пастанова «Аб разглядзе праекту новай Канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь».

Падставамі для зьмен у ваеннай палітыцы названыя «зьмены ваенна-стратэгічнай абстаноўкі» і «эскаляцыя глябальнай геапалітычнай напружанасьці».

У рамках дакумэнта, падпісанага Лукашэнкам, ухваляецца праект новай Канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь, «якая адлюстроўвае трансфармацыю ўсяго спэктру сучасных пагроз і вызначае адзіныя падыходы да фармаваньня і рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў вайсковай сфэры».

Дзяржаўным органам загадана засяродзіцца на рэалізацыі захадаў у рамках стратэгічнага стрымліваньня, накіраваных на абарону незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці, сувэрэнітэту і канстытуцыйнага ладу ад вонкавых і ўнутраных пагроз.

Мінабароны Беларусі даручылі заняцца стварэньнем новай ваеннай дактрыны. Папярэдняя дзейнічала зь ліпеня 2016 году. Канчаткова новую Канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі павінен будзе разглядзець «усебеларускі народны сход».

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дало вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Савет бясьпекі ўхваліў праект закону «Аб народным апалчэньні»