3 сакавіка 2021 года Купалаўскі тэатар аднавіў сваю працу пасьля перапынку, зьвязанага са звальненьнем амаль усёй трупы. З таго часу прайшло два гады, але новае кіраўніцтва працягвае скардзіцца на недастатковую колькасьць актораў.
«Нам па-ранейшаму не стае актораў. Адчуваем патрэбу ў артыстах ад 30 да 60 гадоў. Асноўныя дзейныя асобы ўсёй сусьветнай драматургіі належаць менавіта да названага пакаленьня. Мы зьбіраем калектыў пакрысе, і для таго неабходна шмат часу — каб у тэатры былі найлепшыя як талентам, так і душэўнымі якасьцямі», — заявіла ў інтэрвію газэце «Культура» акторка Вольга Няфёдава, якая засталася ў тэатры пасьля дэмаршу большай часткі трупы, якая пакінула ўстанову на хвалі пратэстаў 2020 году.
Вольга Няфёдава стала мастацкай кіраўніцай нацыанальнага тэатру імя Янкі Купалы. На сустрэчы з Лукашэнкам у лютым 2021-га яна плакала, успамінаючы яго выхад з аўтаматам падчас пратэстаў 2020 году. А ў сакавіку атрымала мэдаль Францішка Скарыны, у верасьні стала заслужанай артысткай Беларусі. У чэрвені 2021-га яна выступіла на адкрыцьці алькагольнай крамы ў Маладэчне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Купалаўскі тэатар праводзіць ужо 8-ы кастынг для актораў пасьля жніўня 2020 годуНастойлівыя пошукі актораў у тэатар працягваюцца ўжо два гады. У трупе засталося ўсяго дзевяць актораў са старога складу. Праўда, у пяці зь іх — адна ці дзьве ролі ў рэпэртуары. Сярод гэтай пяцёркі і Вольга Няфёдава.
У 2021-м праз кастынгі ў трупу сталі набіраць новых актораў. Частка іх зьяўляліся прафэсіяналамі (у тым ліку з тэатраў Бабруйску і Пінску), астатнія — студэнты. Аднак з таго часу адбылося ўжо як мінімум восем кастынгаў. Актораў зь іншых беларускіх тэатраў у трупу Купалаўскага ня бралі.
Як піша Zerkalo, у Менск, не знайшоўшы беларускіх выканаўцаў, паклікалі актораў з суседняй Расеі. Гэта выпускнікі маскоўскага ГІТІСа, а таксама экс-студэнты маскоўскага Інстытуту сучаснага мастацтва. У сваіх расейскіх установах яны не вывучалі беларускай мовы. Таму для іх у Купалаўскім ставяць плястычныя спэктаклі бяз слоў, напрыклад «Наш космас».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хацелася б мець сталую пляцоўку. Іграць хаця б па 2-3 спэктаклі на месяц». Алег Гарбуз пра тое, што адбываецца з «Купалаўцамі»Акторы, якія звольніліся з тэатру, стварылі незалежную тэатральную групу «Купалаўцы». Яны ставяць свае спэктаклі за мяжой. Нядаўна ў Любліне яны паказалі чарговую прэм’еру — спэктакль «Гусі-людзі-лебедзі», пастаўлены паводле адной з частак рамана «Сабакі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вольныя купалаўцы» выступілі ў Варшаве з прэм’ерай «Рамантыка» паводле Міцкевіча. ФОТА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Быць беларусам — гэта ня мець свайго месца ў сьвеце»? «Купалаўцы» паказалі прэм’еру паводле «Сабак Эўропы» Бахарэвіча