У Беларусі 1456 палітвязьняў, паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна». Іншыя праваабарончыя ініцыятывы заяўляюць, што палітзьняволеных нашмат больш.
Палітзьняволеная журналістка Ксенія Луцкіна перахварэла ў калёніі на двухбаковую пнэўманію, паведаміў «Народнай волі» ейны бацька Алег Луцкін.
Ён расказаў, што Ксенія хварэла амаль увесь люты, два тыдні яна правяла ў бальнічным пакоі гомельскай калёніі № 4, дзе цяпер знаходзіцца. Вядома, што палітзьняволеную па стане здароўя вызвалілі ад працы ў прамысловай зоне калёніі.
Алег Луцкін адзначыў, што ліставаньне з дачкой ідзе нармальна — лісты даходзяць у абодва бакі, прычым даволі хутка — за 2-3 дні.
- Былую журналістку БТ Ксенію Луцкіну асудзілі 28 верасьня на 8 гадоў калёніі паводле ч. 1 арт. 357 КК («Змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»).
- У зьняволеньні ў Ксеніі Луцкіной абвастрыліся праблемы са здароўем — пачала расьці пухліна ў галаўным мозгу, абвастрылася бранхіяльная астма. Ад пастаянных галаўных боляў журналістка вымушана прымаць абязбольвальнае.
- Вядома, што Ксенія адмовілася пісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі.