У камісію па вяртаньні палітуцекачоў за месяц яе працы зьвярнуліся 23 чалавекі, расказаў намесьнік генпракурора Аляксей Стук у інтэрвію тэлеканалу СТВ.
«Знаходзяцца на разглядзе 23 заявы. Адразу скажу, што большасьць заяў не адпавядае тым крытэрам, якія прапісаныя ва ўказе, тым напрамкам, зьвесткам, якія пазначаныя, каб яны былі прадстаўленыя», — сказаў Стук.
Ён дадаў, што камісія прапануе аўтарам зваротаў падаць адсутныя зьвесткі і дакумэнты.
Намесьнік генпракурора паведаміў, што камісія па вяртаньні яшчэ не зьбіралася для абмеркаваньня зваротаў, бо «не напрацаваны матэрыял, неабходны для абмеркаваньня той ці іншай заявы, звароту ад той ці іншай кандыдатуры, якая яго напісала».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Баскава 37 штрафаў, Азаронак пачынаў кар'еру ў дзіцячым садку. Што вядома пра ўдзельнікаў «камісіі па вяртаньні зьбеглых беларусаў»Таксама Стук зьвярнуў увагу, што зварот у камісію не азначае, што чалавек атрымае дараваньне.
Па яго словах, «не ідзе гаворка, што для ўсіх грамадзян, што знаходзяцца там, якія зьвернуцца, наступіць для іх эра ўсеагульнай міласэрнасьці».
Камісія па вяртаньні пачала працу месяц таму. 6 сакавіка Генпракуратура запусьціла адмысловы сайт, празь які можна зьвярнуцца ў гэтую камісію. Палітуцекачы павінны самі растлумачыць, чаму асьцерагаюцца вярнуцца. Таксама ад іх чакаюць, што яны пакаюцца, прынясуць публічныя прабачэньні і кампэнсуюць «прычыненую шкоду».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запрацаваў сайт камісіі па вяртаньні эмігрантаў, ён даступны і за межамі Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня верце, не прасіце, не вяртайцеся. Сузаснавальнік BySol засьцерагае беларусаў, якія хочуць вяртацца