Сьцісла:
- Вынесеныя Ціханоўскай і ейным паплечнікам пакараньні надзвычай жорсткія нават для беларускай Тэміды.
- Падаецца, адносна Сьвятланы Ціханоўскай Лукашэнка пралічыўся двойчы. Першы раз — калі яе зарэгістравалі кандыдатам у прэзыдэнты.
- Другі пралік здарыўся, калі Лукашэнка выштурхаў Сьвятлану Ціханоўскую за мяжу.
- Дарэчы, Павал Латушка атрымаў большы тэрмін, чым Ціханоўская, бо Лукашэнка не даруе тым людзям, якія працавалі ў дзяржапараце, а потым сталі ягонымі апанэнтамі.
Жорсткія прысуды
У Беларусі працягваецца сэрыя гучных судовых працэсаў над праціўнікамі Лукашэнкі. Не пасьпела сусьветная супольнасьць адрэагаваць і прааналізаваць прысуд Нобэлеўскаму ляўрэату Алесю Бяляцкаму (10 гадоў калёніі) і ягоным паплечнікам з праваабарончага цэнтру «Вясна», як зьявіўся новы судовы вырак.
6 сакавіка ў Менскім гарадзкім судзе завочна вынесьлі прысуды фігурантам «справы Каардынацыйнай рады». Сьвятлану Ціханоўскую пакаралі 15 гадамі зьняволеньня, Паўла Латушку — 18 гадамі, астатнія фігуранты атрымалі па 12 гадоў пазбаўленьня волі.
На чарзе прысуд палітолягам Валерыі Касьцюговай і Тацяне Кузінай: пракурор патрабуе для іх па 10 гадоў зьняволеньня.
Пакараньні надзвычай жорсткія нават для беларускай, прабачце за выраз, Тэміды. Ніякіх паслабленьняў ні для кога. Цьвікі забіваюцца па самую плешку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вынеслі прысуды ў завочнай «справе Каардынацыйнай рады», у тым ліку Ціханоўскай, якая цяпер зь візытам у ЛёнданеДва пралікі Лукашэнкі
Але вернемся да сёньняшняга прысуду. Падаецца, адносна Сьвятланы Ціханоўскай Лукашэнка пралічыўся двойчы. Першы раз — калі яе зарэгістравалі кандыдатам у прэзыдэнты. Кіруючыся ўпэўненасьцю, што гэта вельмі слабы праціўнік, бо хто ж будзе галасаваць за хатнюю гаспадыню як альтэрнатыву палітычнаму мастадонту Лукашэнку. Цяпер відавочна, што гэта быў стратэгічны пралік рэжыму. Калі б яе не зарэгістравалі, то большасьць праціўнікаў Лукашэнкі проста байкатавалі б выбары. А з байкоту ня вырас бы масавы пратэст. Пасьля 9 жніўня 2020 году народ выйшаў на вуліцы абараняць перамогу Ціханоўскай, то бок сваю перамогу, якой не магло б быць у выпадку байкоту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я перамагла Лукашэнку». Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электамДругі пралік здарыўся, калі Лукашэнка выштурхаў Сьвятлану Ціханоўскую за мяжу. У першыя дні пасьля выбараў, калі абурэньне грамадзтва было надзвычай моцнае, ён не наважыўся пасадзіць яе за краты. Бо асьцерагаўся такім чынам падліць алею ў агонь пратэсту. Дый нават фармальна, зь юрыдычнага гледзішча, да яе не было за што прычапіцца. У той момант яе гвалтоўны вываз у Літву здаваўся яму аптымальным варыянтам.
Аднак у яго не хапіла здаровага сэнсу пралічыць, што можа здарыцца далей. А здарылася тое, што Сьвятлана перанесла палітычную альтэрнатыву за мяжу. І гэтую альтэрнатыву прызнае вялікая частка беларускага грамадзтва, а таксама заходнія краіны. Статус прэзыдэнта-электа на тле непрызнаньня Лукашэнкі прэзыдэнтам з боку Захаду стварыў непрыемную сытуацыю для афіцыйнага Менску. Ціханоўскую прымаюць ва ўсіх краінах Эўропы на высокім узроўні. І якраз у момант вынясеньня ёй суровага судовага выраку яна знаходзіцца ў Вялікай Брытаніі, праводзіць шэраг знакавых сустрэч. На працягу ўжо двух з паловай гадоў яна ўтрымлівае беларускае пытаньне ў міжнародным парадку дня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская наведае Лёндан, дзе сустрэнецца з Джонсанам і прадстаўнікамі ўрадуСтрахі Лукашэнкі
Вонкава здаецца: няма ніякіх перадумоваў, каб прэзыдэнт-элект стаў рэальным прэзыдэнтам. Тым ня менш усьведамляць, што існуе рэальная асоба (няхай і за межамі Беларусі), якая прэтэндуе на ягоную пасаду, вельмі непрыемна для Лукашэнкі. Не выпадкова ён рэгулярна, з розных нагодаў і без нагоды, узгадвае «зьбеглых», шле на іх адрас праклёны, усяляк ім пагражае.
Ягоная страхі цалкам зразумелыя. Бо палітычны лёс бывае вельмі пакручасты. Невыпадкова ў сярэднія вякі манархі вышуквалі нават за мяжой рэальных ці ўяўных нашчадкаў трону і ці то забівалі іх, ці то трымалі ў вязьніцы пад жалезнай маскай. Але ўсё роўна зьяўляліся Ілжэдзьмітрыі, якія абвяшчалі сябе царамі, што выклікала вялікія забурэньні ў дзяржаве.
Мяркую, цяпер Лукашэнка шкадуе, што выштурхаў Сьвятлану Ціханоўскую за мяжу, а не пасадзіў яе за краты. Вось жа сядзіць Віктар Бабарыка — рэальны прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта, — і не стварае ніякай небясьпекі рэжыму. Калі б тады, у гарачыя дні жніўня 2020-га, Лукашэнка лепш пралічыў, хоць бы на два хады наперад, то ня выпусьціў бы Сьвятлану за мяжу. А цяпер мусіць кусаць локці да ладзіць завочны суд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якіх пераменаў хочуць беларусы? Вынікі апытаньня Chatham HouseУсё хістка, ненадзейна
Дарэчы, Павал Латушка атрымаў большы, чым Ціханоўская, тэрмін таму, што Лукашэнка не даруе тым людзям, якія працавалі ў дзяржапараце, а потым сталі ягонымі апанэнтамі. Ён разглядае дзяржаву як сваё асабістае ўнітарнае прадпрыемства, ці, дакладней, як прыватную вотчыну, а ўсіх чыноўнікаў — як сваіх прыгонных. І пераход дзяржслужбоўца ў апазыцыю — для Лукашэнкі гэта асабістая здрада. У часы прыгоннага права зьбеглых (якое знаёмае слова) сялян лавілі, каралі і вярталі назад у прыгон. Нешта падобнае адбываецца цяпер. Дарэчы, не выпадкова высокіх чыноўнікаў і сілавікоў за «здраду дзяржаве» можа паводле новага закону чакаць сьмяротнае пакараньне. Павал Латушка стаў самым высокапастаўленым чыноўнікам, які ў 2020 годзе перайшоў на бок народу. За гэта і пакараны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўкцыён па продажы менскай кватэры Ціханоўскіх не адбыўсяЦікава, што ў гэты ж дзень, 6 сакавіка, павінен быў адбыцца аўкцыён па продажы трохпакаёвай кватэры ў Менску, якая належыць сям’і Ціханоўскіх. Але таргі не адбыліся, бо не знайшлося ахвотных яе купіць. І гэта вельмі адметна. Маем гэткі сацыялягічны малюнак. Людзі ведаюць, чыя гэта кватэра, і не сьпяшаюцца яе набываць. Ня толькі на знак салідарнасьці з апальнай сям’ёй. Шмат жа і «ябацек», якія шукаюць кватэры. Але і яны ня ўпэўненыя, што ў недалёкай будучыні яе не давядзецца вяртаць сапраўдным гаспадарам. То бок і ў іх няма ўпэўненасьці ў непарушнасьці існага парадку. Бо ўсё хістка, ненадзейна, нягледзячы на гэтыя вялізныя турэмныя тэрміны, якія, здавалася б, павінны надаць упэўненасьці прыхільнікам Лукашэнкі. Але ж не.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ініцыятыву «Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва» прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем»Вось жа і сумна знакаміты Андрэй Мукавозчык наракае на сваіх калег-прапагандыстаў, якія, паводле ягонай інфармацыі, насамрэч не падтрымліваюць жорсткі курс на «ачышчэньне» і «выяўленьне кожнага», бо «баяцца самавыдуманай большасьці». То бок нават прапагандысты разумеюць, што яны ў гэтай краіне — у меншасьці.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.