«Брестская газета» стала 14-м СМІ, якое ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем»

Рашэньнем КДБ ад 28 лютага недзяржаўная «Брестская газета» прызнаная «экстрэмісцкім фармаваньнем». У адпаведны сьпіс выданьне, заснаванае ў 2002 годзе, уключанае 6 сакавіка.

«Экстрэмісцкае фармаваньне», на думку КДБ, стварыла «група грамадзянаў зь ліку сузаснавальніка, галоўнага рэдактара і іншых асобаў зь ліку ТАА «Брестская газета».

Цяпер у «Пераліку арганізацыяў, фармаваньняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці», 120 пазыцыяў. 14 зь іх — недзяржаўныя СМІ:

— інфармацыйная кампанія БелаПАН (№ 10, рашэньне аб уключэньні прынятае 1 лістапада 2021 году),

— тэлеканал «Белсат» (№ 12; 3 лістапада 2021 году),

— «Радыё Свабода» (№ 24; 23 сьнежня 2021 году),

— «Наша Ніва» (№ 31; 14 студзеня 2022 году),

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Год «экстрэмістаў». Як зьмянілася аўдыторыя тэлеграм-каналаў пасьля прызнаньня іх «экстрэмісцкімі»

— тэлеграм-канал «Бобруйск Online» (№ 38; 22 лютага 2022 году),

— сайт «Флагшток» (№ 54; 29 красавіка году),

— інтэрнет-часопіс kyky.org (№ 56; 6 траўня 2022 году),

— «Честная газета» (№ 59; 20 траўня 2022 году),

— «Эўрарадыё» (№ 75; 20 ліпеня 2022 году),

— сайт «Charter’97» (№ 84; 30 жніўня 2022 году),

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што трэба ведаць пра экстрэмізм у Беларусі

— сайт Hrodna.life (№ 99; 11 лістапада 2022 году),

— самвыдат «Вестники» (№ 107; 9 сьнежня 2022 году),

— «Маланка Медиа» (№ 116; 15 лютага 2023 году),

— «Брестская газета» (№ 120, 28 лютага 2023 году).

Папулярны незалежны партал Tut.by, разгромлены 18 траўня 2021 году, ня быў уключаны ў лік «экстрэмісцкіх фармаваньняў», аднак 14 чэрвеня 2022 году кампанія «ТУТ БАЙ МЕДЫА», якая яго разьвівала, паводле рашэньня Вярхоўнага суду была прызнаная «экстрэмісцкай арганізацыяй».