Хроніка перасьледу 6 сакавіка: сямейнай пары зь Менску прысудзілі 2,5 года «хатняй хіміі» за пратэсты

Беларуская турма (ілюстрацыйнае фота)

Рэпрэсіі супраць беларусаў працягваюцца.

Праваабаронцам стаў вядомы прысуд, вынесены судом Савецкага раёну Менску сужэнцам Арцёму і Сьвятлане Шафранскім. Іх абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).

Справу разглядаў судзьдзя Аляксандар Якунчыхін.

Вядома, што Арцём да затрыманьня працаваў мэнэджарам па продажам у камэрцыйнай фірме, а Сьвятлана была начальніцай аддзела гандлёвага прадпрыемства.

Іх затрымалі 6 кастрычніка 2022 году, Арцём да суду быў у СІЗА № 1 Менску, Сьвятлану адпусьцілі да суду пад заклад у 9 600 рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запрацаваў сайт камісіі па вяртаньні эмігрантаў, ён даступны і за межамі Беларусі

Паводле матэрыялаў абвінавачаньня, Арцём і Сьвятлана Шафранскія падчас нядзельнай акцыі пратэсту ў верасьні 2020 году ў Менску нібыта прынялі актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, блякавалі шлях транспартным сродкам.

Суд прызначыў ім пакараньне ў выглядзе абмежаваная волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады і шэсьць месяцаў («хатняя хімія»).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У «сьпіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 16 чалавек, цяпер у ім 2503