6 сакавіка ў Менскім гарадзкім судзе завочна вынесьлі прысуды фігурантам «справы Каардынацыйнай рады».
Прысудв вынес судзьдзя Пятро Арлоў. Дзяржаўнае абвінавачваньне па гэтай справе падтрымліваў пракурор Міхаіл Кавалёў.
Як паведамляе «Вясна», судзьдзя завочна пакараў абвінавачаных наступнымі тэрмінамі:
- Сьвятлану Ціханоўскую — 15 гадамі зьняволеньня,
- Паўла Латушку — 18 гадамі зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму,
- Вольгу Кавалькову — 12 гадамі зьняволеньня,
- Сяргея Дылеўскага — 12 гадамі зьняволеньня,
- Марыю Мароз — 12 гадамі зьняволеньня.
Суд пакінуў пад арыштам маёмасьць фігурантаў па «справе Каардынацыйнай рады»
- У Латушкі: зямельны ўчастак для будаўніцтва і абслугоўваньня жылога дома ў Менскім раёне, капітальны будынак у аграгарадку Ждановічы, грошы на банкаўскіх рахунках (больш за 31,8 тыс. эўра і 21,8 тыс. долараў), а таксама іншая маёмасьць;
- У Мароз: адна пятая доля ў праве ўласнасьці на каппабудову, разьмешчаную ў Іванаўскім раёне Берасьцейскай вобласьці;
- У Кавальковай: ізаляванае памяшканьне ў Менску па Лагойскім тракце, аўтамабіль, грошы на рахунку ў банку;
- У Дылеўскага: два аўтамабілі.
Ціханоўская пра прысуд: «Думаю пра тых, каму рэжым даў рэальныя, а не завочныя тэрміны»
«Сёньня завочны „суд“ вынес мне так званы прысуд у 15 гадоў турмы. Я ня думаю пра тое, што яны хацелі сказаць мне сваім „прысудам“. Зь ім ці безь яго — я і дэмакратычныя сілы рабілі і працягнем рабіць усё магчымае, каб вызваліць нашых палітычных зьняволеных і прывесьці нашую краіну да дэмакратычных пераменаў.
Сёньня я думаю пра тых, каму рэжым даў рэальныя, а не завочныя тэрміны. 5, 16, ці 22 гады... І я не хачу думаць пра рэжымных чыноўнікаў, судзьдзяў, пракурораў. Тых, хто выконвае гэтыя злачынствы. Няхай яны лепш падумаюць пра сябе самі, бо Лукашэнка ня стане абараняць іх у сапраўдным, незалежным судзе, для якога беларускія юрысты ўжо сабралі дастатковую колькасьць сьведчаньняў. Ён будзе ратаваць толькі сябе і сваё блізкае кола. Дык ці варта падстаўляць саміх сябе дзеля абароны таго, хто і так асуджаны на правал?»,— заявіла з нагоды завочнага выраку Сьвятлана Ціханосўкая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ідзе пасыл пачаць дыялёг з рэжымам». Павал Латушка і Іван Краўцоў аб канфлікце ўнутры Каардынацыйнай рады- Сьледчы камітэт 20 кастрычніка 2022 года распачаў працэс спэцыяльнай вытворчасьці ў дачыненьні ўсіх фігурантаў справы. 30 лістапада справу перадалі генэральнаму пракурору для накіраваньня ў суд.
- 11 студзеня Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася ў Менскі гарадзкі суд з патрабаваньнем прадаставіць ёй права азнаёміцца з матэрыяламі справы па яе завочнаму суду. А таксама апавясьціла суд аб тым, што зьбіраецца скарыстацца сваім правам на адваката. Яна таксама напісала Мінскай гарадзкой і Рэспубліканскай калегіям адвакатаў аб тым, што хоча зьвязацца з прызначаным ёй адвакатам і выпрацаваць пазыцыю.
- Павал Латушка адмовіўся ад назначанага яму адваката. Паводле яго словаў, Сьледчы камітэт спрабуе стварыць бачнасьць законнасьці, але ў яго гэта дрэнна атрымліваецца. Таксама ён патрабаваў атрымаць копію пастановы аб узбуджэньні крымінальнай справы альбо аб прызнаньні падазраваным. Але дакумэнта не атрымаў.
- Спэцыяльная вытворчасьць – вытворчасьць па крымінальнай справе ў дачыненьні абвінавачванага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс.
- У так званай «справе Каардынацыйнай рады» праходзяць дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская, кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка, сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова і яе калега, кіраўнік страйкаму МТЗ Сяргей Дылеўскі, былая кіраўніца перадвыбарчага штабу Ціханоўскай Марыя Мароз.
- Суд над імі пачаўся 17 студзеня ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс ідзе завочна, бо ўсе фігуранты знаходзяцца за межамі Беларусі. Іх справу расьсьледавалі ў рамках «спэцыяльнага вядзеньня».
- Сьвятлану Ціханоўскую абвінавачваюць паводле некалькіх артыкулаў КК: у здрадзе дзяржаве, масавых беспарадках, стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня, распальваньні варожасьці, змове з мэтай захапіць уладу, закліках да санкцый.
- Паўла Латушку абвінавачваюць у закліках да санкцый, распальваньні варожасьці, атрыманьні хабару, стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня. Падобныя абвінавачваньні агучаныя і ў адрас сябраў Каардынацыйнай рады Марыі Мароз, Вольгі Кавальковай, і Сяргея Дылеўскага.
- Адвакаты Ціханоўскай і Латушкі заявілі хадайніцтвы аб спыненьні вядзеньня ў крымінальнай справе іхных падабаронных, але суд адхіліў іх.
Сьвятлана Ціханоўская тым часам знаходзіцца зь візытам у Вялікай Брытаніі. У праграме яе візыту — сустрэчы зь міністрам у справах Эўропы Леа Дохэрці, былым прэмʼер-міністрам Борысам Джонсанам, сьпікерамі палаты грамад Ліндсі Хойл і палаты лордаў Джонам Макфалам, лідэрам апазыцыйнай Лейбарысцкай партыі Кірам Стармэрам.
Ціханоўская таксама выступіць у Кэмбрыджскім універсітэце, перад акрэдытаванымі ў краіне дыпляматамі, у Абʼяднаным каралеўскім інстытуце даследаваньняў пытаньняў бясьпекі і абароны (RUSI).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская наведае Лёндан, дзе сустрэнецца з Джонсанам і прадстаўнікамі ўраду