На відэа, якое апублікавалі беларускія добраахвотнікі, адзін з палонных распавядае пра жорсткасьць свайго кіраўніцтва, голад як від пакараньня і ўпершыню з моманту палону размаўляе з бацькам.
«Мы мабілізаваныя, а нас на перадавую кідаюць. Другая партыя прыяжджае і кідаюць яшчэ. Езьдзілі два разы на палігон (вучыцца страляць — РС). Я страляў недзе чатыры ражкі. Я крычаў, што я наводчык. А яны кажуць, наводчык — гэта кулямётчык. Далі кулямёт і я цягаўся зь ім. Потым я яго выкінуў. „Гражданку“ (мабілізаваных — РС) кідаюць проста як мяса», — расказаў мужчына на відэа.
Ён дадаў, што за правіны кіраўніцтва садзіць мабілізаваных расейцаў у канавы і не даюць ежы.
«Апошні пацан сядзеў там дзён 10. Яму кіянкай два пальцы адбілі. Пазногці сінія. І рабрыну хіба зламалі. За тое, што ён п’яны прыйшоў. Сказаў, кшталту, на табе 20 000 (расейскіх рублёў — РС). На стол яму кінуў. І кажа, я паехаў са сваімі хлопцамі. А камандзір дывізіі ўстаў і кажа: «Ты што, а... еў, ці што. Тры дні яго білі».
Адзін з байцоў ПКК Павал Кулажанка патэлефанаваў бацьку ваеннапалоннага і расказаў, што яго сын у палоне і што да яго ставяцца добра, згодна з пастановамі Жэнэўскай канвэнцыі. Яго маюць уключыць у сьпісы на абмен.
«Мы спадзяемся, што гэта паскорыць вяртаньне з палону нашых ваяроў». — гаворыцца ў публікацыі Палка Каліноўскага.
Папярэдні раз пра ўзяцьце ў палон баевікоў ПВК «Вагнэр» байцы падразьдзяленьня БПЛА імя Мікіты Крыўцова Палка Каліноўскага паведмілі 1 лютага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У складзе палка Каліноўскага зьявіўся новы атрад, які складаецца з прадстаўнікоў ByPol