Дасьледчыца беларускіх вязьняў ГУЛАГу і адна з стваральніц Віртуальнага музэю савецкіх рэпрэсій у Беларусі праводзіць паралелі паміж сталінскімі рэпрэсіямі і цяперашнімі.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
Пра затрыманьне
— Як ва ўсіх. Выбілі дзьверы. Маскі-шоў. Не магу сказаць, што для мяне гэта быў моцны шок. Магчыма, я была маральна падрыхтаваная ў пэўным сэнсе, хоць фізычна, на жаль, не атрымалася зрабіць пэўныя рэчы, якія плянавала (скінуць тэлефон да заводзкіх наладак), хоць трэніравалася. Калі сказалі «кладзіся мордай у падлогу», я спакойна паклалася на ложак, зь якога толькі што ўстала. Хочаце — перацягвайце. Яны ня сталі гэтага рабіць.
Мяне затрымліваў КДБ, а не ГУБАЗіК. Усё ж там троху больш інтэлектуальныя людзі, як мне падаецца. Можа і ябацькі, але прынамсі ня ватнікі, не настолькі адмарожаныя. І пасьля «мордай у падлогу» і зашпіленых кайданкаў у хуткім часе АМАП сышоў, і мы зь імі далей размаўлялі спакойна. Яны найперш сталі шукаць «экстрэмісцкія матэрыялы», раскладаць розныя кніжкі. Знайшлі бел-чырвона-белы парасон. Я спрабавала нібы падрыхтавацца, але складана вынесьці з кватэры ўсё, чым жыў 25 гадоў. Вельмі перажывала за тое, што забралі разам з «экстрэмісцкімі матэрыяламі» кнігу Васіля Быкава «Сьцяна» з аўтографам, якую я акурат перачытвала. Пасьля заднім розумам я зразумела, што мяне ня хочуць «закатваць» цалкам, бо ў пратаколе напісалі, што экстрэмісцкіх матэрыялаў ня знойдзена.
Чым была цікавая для КДБ дасьледчыца гісторый беларускіх вязьняў ГУЛАГу
— Мяне абвінавачвалі па стандартным артыкуле 342, як кажуць на «Валадарцы» — па «народным артыкуле», за фотачку з марша. Але фотачка была знойдзеная ў спэцыфічным месцы — «ЎКантакце» ў так званага дасьледчыка Курапатаў, былога гэбіста Плавінскага, які цяпер піша кніжкі пра тое, што ў Курапатах расстрэльвалі нацысты. Мяне згадвалі ў допісе пра прыватную вандроўку, якую мяне папрасілі зрабіць. І там быў правакатар ад яго, і пад гэтым допісам была зьмешчаная мая фотачка з марша. Гэта быў фактычна данос... І гэта была справа экскурсаводаў, і яна, відавочна, была зьвязаная і з Курапатамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Курапатах правялі экскурсію «па дарозе сьмерці». ФотаПра шэнгенскія візы для гэбістаў
— Гэбісты намякалі, што ведаюць, што ў мяне ёсьць пляны выехаць з краіны, і казалі адкрытым тэкстам: «А вось я быў тры тыдні таму ў музэі КДБ у Вільні». Пытаньне, хто дае беларускім гэбістам шэнгенскія візы, для мяне адкрытае. Калі яны мне намякнулі, а можа ўсё ж што-небудзь падпішаце, і мы вас адразу ў Вільню пераправім, я адразу згадала ім на гэта расповед былога вязьня ГУЛАГу, якога, на жаль, ужо год як няма з намі, Эрнэста Канстанцінавіча Сабілы пра тое, як за савецкім часам у КДБ вэрбавалі адну баптыстку. Яна сказала, што падумае над прапановай, а калі прыйшла праз тыдзень, адказала: «З кім ні раюся, ніхто ня раіць з вамі супрацоўнічаць». Пытаньняў да мяне больш не было наконт гэтага.
Пра паралелі з ГУЛАГам
— Паралелі відавочныя. Не адбылося пакаяньня, не было зроблена высноваў, не асудзілі сталінскія, камуністычныя рэпрэсіі, і таму фактычна ўсё вяртаецца наноў. І вяртаецца практычна з той жа жорсткасьцю. Я адсочвала, калі будзе першы прысуд 25 гадоў. Цяпер прынялі і закон пра расстрэл за «здраду радзіме». Гэта ўсё тое ж самае. Адзінае істотнае адрозьненьне — не расстрэльваюць і не вязуць далёка ў ГУЛАГ, у Сібір, на Калыму. Але калі такімі ж тэмпамі будзе працягвацца так званая інтэграцыя, то хутка і гэта будзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дасьледчыцу беларускіх вязьняў ГУЛАГу Чарнаморцаву асудзілі на 2,5 года «хатняй хіміі»Пра ўмовы на Акрэсьціна
— Я сядзела ў ІЧУ (ізалятары часовага ўтрыманьня) 10 сутак. Не на ЦІП (цэнтар ізаляцыі правапарушэньняў). У ІЧУ трошкі лепей, бо, як мінімум, даюць туалетную паперу. На ЦІП няма туалетнай паперы, як расказвалі дзяўчаты, якія да нас у камэру траплялі. Нейкі час нам давалі пракладкі ў ІЧУ, потым сказалі, што ёсьць толькі вата.
На «Валадарцы» ў параўнаньні з Акрэсьціна і ў параўнаньні зь іншымі СІЗА самы лайтовы рэжым, калі можна так сказаць. Калі трапляеш туды пасьля Акрэсьціна, нават здаецца, што неяк выдыхаеш, калі ў камэру прывялі. Калі заяжджаеш з Акрэсьціна безь нічога, бяз рэчаў, дзяўчаты ў камэры стараюцца забясьпечыць цябе самым неабходным з «абшчака». І ты адтайваеш.
Пра арышт за кнігу Алексіевіч
— Са мной сядзелі жанчыны, у якіх ёсьць малыя дзеці. Шмат хто зь іх быў у вельмі цяжкім стане. На Акрэсьціна я сустрэла жанчын і дзяўчат, якіх схапілі ні за што. Яны ня ўдзельнічалі нават у маршах. Сядзела жанчына, у якой усіх калегаў па працы затрымалі. Яна сама ні ў чым ня брала ўдзелу, але ў яе на працоўным месцы была кніжка Сьвятланы Алексіевіч, якую нехта ёй падараваў. За гэта яна трапіла на Акрэсьціна.
На Акрэсьціна вельмі страшна. Заяжджаеш у чым ёсьць, і няма магчымасьці ні памяняць бялізну, ні памыць галаву, ні пачысьціць зубы. Калі гэта 10 сутак працягваецца, то яшчэ можна перажыць, а калі 60 сутак... Некаторыя мужчыны па 100 сутак сядзяць... Мы чулі гісторыю праваслаўнага сьвятара і пастара, якія сядзяць праз гэты канвэер сутачны. Я сустракала дзяўчат, якія праходзілі такі канвэер.
Пра жанчын за кратамі
— Мяне вельмі ўразіла, што на Акрэсьціна сядзелі жанчыны сталага веку. Як мінімум, бачыла дзьвюх шасьцідзесяцігадовых жанчын. Адну зь іх са мной везьлі ў аўтазаку. Потым у «стакане» разам стаялі... У мяне там пачаўся нейкі прыступ. Дзяўчаты сказалі, што гэта нібы панічная атака... Тады пачыналіся ў мяне прыступы, ад якіх я проста адрубалася. А тую жанчыну (лекарку з Бараўлянаў) затрымалі за камэнтары. На наступны дзень у яе пачаўся цяжкі прыступ. Мы цэлы дзень дамагаліся, каб яе завезьлі ў шпіталь, але турэмшчыкі не хацелі гэтага рабіць, бо трэба было ахову зь ёй пасылаць. У выніку яе павезьлі ў РАУС, адкуль яе забіралі, каб пасьля там ужо вырашалі пытаньне з аховай. Жанчыне было вельмі дрэнна. Яна казала, што мае хранічныя хваробы.
Пра тое, як «кашмарылі» палітычных
— Наша камэра была разьлічаная на двух чалавек, але ў розны час там сядзелі ад 6 да 8 жанчын. Памятаю, як у суботу прыйшоў загад «кашмарыць» палітычных, і да нас закінулі так званую «працоўную хату». Гэта жанчыны-алькагалічкі, якія маюць на Акрэсьціна лепшыя ўмовы за палітычных. У іх ёсьць матрацы, іх возяць працаваць — на сьметнік сартаваць сьмецьце. Іх усіх зь іх камэры перагналі ў нашу, потым вырашылі, што, напэўна, мала, і «засунулі» яшчэ жанчыну, якая мела пэўныя псыхічныя праблемы. Напэўна, у яе быў адхадняк ці то ад наркотыкаў, ці чаго іншага, яна была абсалютна неадэкватная, з адпаведнымі пахамі. Такім чынам, нас было 19 чалавек у двухмеснай камэры. У суботу жанчын з «працоўнай хаты» не вадзілі на працу, і двое сутак мы былі ўсе разам і ўсе «адрубаліся», у тым ліку я. Нават на падлогу легчы было немагчыма. Турэмшчыкі думалі, што «працоўная хата» будзе ціснуць на нас, але аказалася, што мы аб’ядналіся, каб нейкім чынам нэўтралізаваць жанчыну, у якой былі псыхічныя праблемы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зараз у турме ўся Беларусь». Поўны тэкст Нобэлеўскай лекцыі Алеся Бяляцкага, якую ў Осла прачытала ягоная жонка Натальля ПінчукПра камэры Рабковай і Бяляцкага на «Валадарцы»
— У СІЗА № 1 два з паловай месяцы я сядзела ў камэры 83, якая ў будучым музэі «Валадаркі» будзе насіць імя Марфы Рабковай. Яна фактычна два гады ў гэтай камэры праседзела. На «Валадарку» ў аўтазаку мяне везьлі разам з хлопцамі з гурту Litesound. Там я трапіла найперш у «адстойнік». Гэта камэра, куды закідаюць першыя суткі. Там робяць пэўныя працэдуры па афармленьні, бяруць кроў на ВІЧ і прапаноўваюць у душ схадзіць пасьля Акрэсьціна (мне, на жаль, не прапанавалі). Калі мяне вадзілі з адстойніка ў прыбіральню, я пабачыла Марыну Золатаву. Яшчэ некалькі разоў яе бачыла на так званых «кабінэтах», куды вадзілі да сьледчага ці адваката. Перад судом бачыла і Марыну Золатаву, і Людмілу Чэкіну.
У свой апошні дзень на «Валадарцы» здолела пабачыць Алеся Бяляцкага, калі мяне выводзілі на суд. Ён сядзіць у двухмеснай камэры 90, якая прымыкае да жаночага крыла. Раней жанчына з нашай камэры яго бачыла на «кабінэтах». І я вельмі спадзявалася пабачыць Бяляцкага, і гэта ўрэшце атрымалася. Ён мяне пазнаў.
Я таксама бачыла Паўла Белавуса і Эдуарда Бабарыку на «кабінэтах». Эдуард выглядае накачаным. Бачна, што чалавек імкнецца выжыць. Калі людзі імкнуцца выжыць, то яны стараюцца максымальна рабіць практыкаваньні, хадзіць на прагулкі. Некаторыя крымінальнікі спрабуюць ад прагулак нейкім чынам «адкасіць». А там такі парадак, што альбо ўся камэра выходзіць на прагулкі, альбо ўся камэра застаецца. Наша камэра хадзіла на прагулкі. Марфа казала: «Прабачце, дзяўчаты, але я бязь сьвежага паветра ня выжыву».
Пра будучы музэй рэпрэсій
— Праз два гады «Валадарцы» будзе роўна 200 год. І я вельмі спадзяюся, што да гэтага часу адкрыецца музэй, які будзе зьмяшчаць інфармацыю пра ўсе пэрыяды «Валадаркі», пачынаючы ад паўстанцаў 1831 і 1863 гадоў. Дунін-Марцінкевіч там сядзеў. На пачатку 20 стагодзьдзя Колас праседзеў там тры гады... Усьведамленьне таго, што тут сядзелі і сядзяць вельмі годныя асобы, у нейкім сэнсе натхняла. Колішнія і цяперашнія вядомыя вязьні — усё павінна быць адлюстравана ў гэтым музэі. Спадзяюся, што так і будзе зроблена, і як найхутчэй.
Пра адмову вязьняў, каб іх прызнавалі палітычнымі
— Самае сумнае, што людзі ня хочуць, каб іх унесьлі ў сьпісы палітвязьняў. Аднаго разу нейкі непрацяглы час у нашай камэры было 7 чалавек, і ўсе былі арыштаваныя з палітычных прычын, але толькі мы з Марфай былі ў сьпісах палітвязьняў, 5 чалавек не было ў гэтых сьпісах. Фактычна можаце памнажаць на 4–5 цяперашнія сьпісы палітвязьняў. Па маіх адчуваньнях, палова «Валадаркі» цяпер палітычная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мары — гэта пляны». Галіна Навумчык, Вольга Ўлевіч і Валерыя Чарнаморцава пра мастацтва падарожжаў- Палітзьняволеную Валерыю Чарнаморцаву абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). 16 студзеня ў Савецкім судзе Менску судзьдзя Вольга Емяльянчанка вынесла вырак: 2,5 года «хатняй хіміі», але паколькі падсудная адбыла ў сьледчым ізалятары 3 месяцы, ёй застаецца 2 гады «хатняй хіміі». Пасьля суду Валерыя здолела выехаць зь Беларусі.
- Валерыю затрымалі летась 18 кастрычніка ў Менску пасьля ператрусу ў кватэры. Спачатку яе арыштавалі на 10 дзён, пасьля перавялі ў СІЗА-1 і завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе.
- Валерыя Чарнаморцава — дасьледчыца беларускіх вязьняў ГУЛАГу, актывістка БХД, гід. Яна спрычынілася да стварэньня Віртуальнага музэю савецкіх рэпрэсій у Беларусі.