Эўрапейскія амбасадары чакалі на вуліцы прысуду Алесю Бяляцкаму і іншым «вясноўцам». У гэты час дыпляматаў здымалі прапагандысты, паведамляе «Вясна».
Паводле праваабаронцаў, дыпляматам сказалі, што іх пусьцяць у суд, калі ў іх будзе дазвол.
На абвяшчэньне прысуду ў судовую залю прывялі, імаверна, курсантаў Акадэміі МУС, якія занялі амаль усе месцы, піша «Вясна».
Пасьля прысуду курсантаў каля суду чакала іх кіраўніцтва, хлопцаў пералічылі і арганізавана кудысьці павялі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта адзін з многіх варыянтаў фашызму». Рэакцыі на вырак лідэрам «Вясны»3 сакавіка ў судзе Ленінскага раёну Менску абвясьцілі прысуд праваабаронцам «Вясны». Судзьдзя Марына Запасьнік прысудзіла:
- Алесю Бяляцкаму, ляўрэату Нобэлеўскай прэміі міру і заснавальніку арганізацыі, — 10 гадоў калёніі;
- Валянціну Стэфановічу, намесьніку Бяляцкага і віцэ-прэзыдэнту Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека, — 9 гадоў зьняволеньня;
- Уладзімеру Лабковічу, каардынатару кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» і юрысту, — 7 гадоў зьняволеньня;
- Дзьмітрыю Салаўёву, якога судзяць завочна, — 8 гадоў зьняволеньня.
Іх прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
Разгляд крымінальнай справы праходзіў у судзе Ленінскага раёну Менску з 5 студзеня.
Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Ўладзімір Лабковіч не прызналі сваёй віны цалкам.
Дзяржаўны абвінаваўца Аляксей Кароль на пасяджэньні 9 лютага запатрабаваў асудзіць Бяляцкага на 12 гадоў калёніі, Стэфановіча — на 11, Лабковіча — на 9. Салаўёву, якога судзяць завочна, ён прапанаваў прысудзіць 10 гадоў калёніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 10 гадоў зьняволеньня. Суд пакараў нобэлеўскага ляўрэата Бяляцкага і вясноўцаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ім патрэбна ведаць, што ўсё недарма», — жонкі зьняволеных вясноўцаў аб прысудзе