Падчас прысуду рукі праваабаронцаў былі зашпіленыя ў кайданкі за спінамі. Праваабарончы цэнтар «Вясна» папрасіў жонак палітзьняволеных праваабаронцаў «Вясны» Натальлю Пінчук, Ніну Лабковіч і Аліну Стэфановіч пракамэнтаваць прысуд.
Натальля Пінчук, жонка Алеся Бяляцкага, падкрэсьліла палітычны матыў крымінальнай справы супраць праваабаронцаў:
«Прысуд, відавочна, вельмі жорсткі, каго бы гэта ні тычылася — Алеся, Валянціна, Уладзімера. Гэта жахлівыя тэрміны, калі падумаць, за што іх судзілі. Нягледзячы на гэтыя 284 тамы крымінальнай справы і дастаткова доўгі разбор, мы бачым, што ніякай доказнай базы ў абвінаваўцы не было і быць не магло. Гэты працэс, відавочна, супраць праваабаронцаў і за іх праваабарончую дзейнасьць.
Тое, што Алесю прысудзілі не 12 гадоў, а 10 — гэта адзін за паказальных момантаў: быццам бы адбылося зьмякчэньне прысуду, але гэта ніякае не зьмякчэньне прысуду. Хто яны і за што ім прызначылі такія тэрміны? За забойства людзей, за прычыненьне нейкай значнай шкоды? Не, ніводны аргумэнт, які прыводзіўся ў судзе, нават ня меў доказнай сілы для таго, каб суд абвінаваціў іх па гэтых надуманых артыкулах",— сказала Натальля Пінчук.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 10 гадоў зьняволеньня. Суд пакараў нобэлеўскага ляўрэата Бяляцкага і вясноўцаўЖонка Ўладзіміра Лабковіча, якому прызначылі 7 гадоў калёніі, Ніна Лабковіч, зьвярнула ўвагу на тое, што палітвязьням вельмі патрэбная салідарнасьць і падтрымка:
«Вядома, мы на цуд не спадзяваліся, але гэты „падарунак“ у два гады для нас шмат што значыць. Але ўсё роўна гэта вельмі балюча. Вельмі. Немагчыма прыняць. Бо дзень у турме — гэта мінус дзень жыцьця зь сямʼёй і дзеткамі. У часы татальнай несправядлівасьці вытрымаць гэта можна толькі праз каханьне, любоў сям’і, родных і шмат якіх добрых людзей. Ім там патрэбна нашая падтрымка, ведаць, што іх чакаюць, і што ўсё не дарма»,— сказала Ніна Лабковіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта адзін з многіх варыянтаў фашызму». Рэакцыі на вырак лідэрам «Вясны»Аліна Стэфановіч, жонка Валянціна Стэфановіча, спаслалася на апошняе слова мужа і выказала спадзеў, што ўсе вінаватыя ў палітычным перасьледзе беларусаў будуць пакараныя:
«Вясна надыдзе незваротна», — сказаў Валянцін у сваім апошнім слове. І я дадам, што і адказнасьць таксама. Неба ўсё бачыць, і кожны атрымае тое, да чаго імкнуўся і што заслужыў«, — зазначыла Аліна Стэфановіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Такая ж штодзённая ганьба, як падтрымка Лукашэнкам пуцінскай вайны». Міжнародная рэакцыя на прысуд праваабаронцам «Вясны»3 сакавіка ў судзе Ленінскага раёну Менску абвясьцілі прысуд праваабаронцам «Вясны». Судзьдзя Марына Запасьнік прысудзіла:
- Алесю Бяляцкаму, ляўрэату Нобэлеўскай прэміі міру і заснавальніку арганізацыі, — 10 гадоў калёніі;
- Валянціну Стэфановічу, намесьніку Бяляцкага і віцэ-прэзыдэнту Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека, — 9 гадоў зьняволеньня;
- Уладзімеру Лабковічу, каардынатару кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» і юрысту, — 7 гадоў зьняволеньня;
- Дзьмітрыю Салаўёву, якога судзяць завочна, — 8 гадоў зьняволеньня.
Іх прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта ня суд, а прапагандысцкі спэктакль». Завочна асуджаны ў справе «Вясны» Салаўёў заклікаў да новых санкцыяў супраць уладаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вільні прайшла акцыя салідарнасьці з праваабаронцамі «Вясны», якіх сёньня асудзілі на вялікія тэрміны. ФОТА