Беларуская адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна ў інтэрвію каналу «Максимально» расказала падрабязнасьці «справы Ціханоўскага», дзе яна працавала адным з абаронцаў. Суд ішоў у закрытым рэжыме, таму інфармацыі пра яго практычна не было.
Марыя паўгода працавала адвакатам у справе Сяргея Ціханоўскага. Суд праходзіў у Гомлі проста ў СІЗА № 3. Працэс ішоў у закрытым рэжыме. У справе, акрамя Ціханоўскага, судзілі палітыка Мікалая Статкевіча, блогераў Ігара Лосіка і Уладзімера Цыгановіча, а таксама паплечніка Ціханоўскага Арцёма Сакава і грамадзяніна Расеі Дзьмітрыя Папова, якога і абараняла Колесава-Гудзіліна.
Паводле Марыі Колесавай-Гудзілінаей, перад судом яна прачытала ўсю справу, бо калісьці навучылася мэтодыцы хуткачытаньня. «Спачатку гэта было 177 тамоў, потым ужо больш за дзьвесьце, да канца. У томе 300 старонак», — адзначае адвакатка.
«Справа Ціханоўскага складаецца зь нічога. Зь нейкага адкрытага глупства. Бо фактычна ў гэтай справе не знайшлі злачынстваў, з пункту гледжаньня нармальнага юрыста там няма ніякага злачынства.
Фактычна гэта раздрукоўкі з YouTube-канала, відэазапісы яго канала, праслухоўваньне перамоваў Ціханоўскага са штабам, праслухоўваньні нейкіх... „Эўрапейскай Беларусі“ і нейкіх там яшчэ людзей, кавалкі са справы па Горадні, людзей, якіх там затрымлівалі і асуджалі (у Горадні Ціханоўскага і яго каманду затрымалі нібыта за напад на міліцыянта. — Рэд.). Кавалкі [спраў] нейкіх яшчэ людзей, іх прысуды — гэта нібыта віна Ціханоўскага, што яны прыйшлі [на пратэсты]», — кажа адвакатка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяргей Ціханоўскі за кратамі 1000 дзён. Што стала зь іншымі затрыманымі на пікеце ў Горадні і ўдзельнікамі той апэрацыіЦіханоўскага затрымалі ў траўні 2020 году, а ў віну яму, паводле адвакаткі, ставяць «падзеі жніўня і ўсё, што там адбывалася: нібыта ён гэта ўсё сплянаваў неяк з турмы».
«І самае цікавае, што вось яны ўсё гэта „сплянавалі“, надрукавалі, а ўсё гэта яны зрабілі таму, што прачыталі кніжку Шарпа „Ад рэвалюцыі да дэмакратыі“. І гэтую „мэтадычку Шарпа“ далучылі да справы, гэта цэлыя паўтома справы! І ў нейкі момант Ціханоўскі кажа: „Ды я ніколі яе ня чуў“», — расказвае адвакатка пра зьмест абвінавачаньня і ход судовага працэсу.
Паводле адвакаткі, Ціханоўскаму ставілі ў віну «ўсе відэазапісы, якія ён рабіў, увесь яго канал „Страна для жизни“», таксама яна згадала канал блогера Ўладзімера Цыгановіча (MozgOn).
На рэпліку вядоўцы «і ў Лосіка тэлеграм-канал» адвакатка адказала коратка: «Не даказана».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьняволенага Ігара Лосіка выклікаюць асабіста зьявіцца ў Баранавіцкі судТаксама, паводле адвакаткі, у справе былі раздрукоўкі з тэлеграм-канала Nexta і «наогул дзіўнае» — агляд інтэрнэту.
«„Агляд інтэрнэту“ — гэта такі новы від доказу. Ён адкрыў у гугле і ўвёў слова „плошча“. І яму выдала „Плошча-2010“ і нешта там яшчэ. І гэта доказ», — абураецца адвакатка.
Паводле Марыі Колесавай-Гудзілінай, яе падабароннага Дзьмітрыя Папова асудзілі на 16 гадоў пазбаўленьня волі, а «на самай справе ён проста адзін раз прынёс паўэрбанк Ціханоўскаму» і сябраваў зь ягоным апэратарам.
Па словах Марыі, Дзьмітрый Папоў за час у СІЗА вельмі шмат чаму навучыўся.
Таксама адвакатка расказала, што закрыты суд праходзіў «у вельмі дзіўным пакоі», падобным да «агароджанага калідора», адвакаты сядзелі сьпінай да падабаронных, ім забаранілі насіць электронныя гадзіньнікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаўся новы працэс над палітвязьнем Ціханоўскім, ужо асуджаным на 18 гадоў зьняволеньняУ сьнежні 2021 году Сяргею Ціханоўскаму прысудзілі 18 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Ігару Лосіку і Ўладзіміру Цыгановічу далі па 15 гадоў, Мікалаю Статкевічу — 14 гадоў, Сакаву і Папову — 16 гадоў пазбаўленьня волі.
27 лютага стала вядома аб тым, што Сяргей Ціханоўскі атрымаў яшчэ паўтара года за «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы».
Затрыманьне Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
- З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.