ЗША ўвялі санкцыі супраць яшчэ адной беларускай кампаніі

Бюро прамысловасьці і бясьпекі Міністэрства гандлю ЗША 2 сакавіка дадало ў пералік арганізацый, на якія распаўсюджваюцца правілы экспартнага кантролю, 37 юрыдычных асобаў, у тым ліку па адной зь Беларусі і Расеі.

Пад абмежаваньні, сярод іншага, трапіла беларуская кампанія «ДМТ Трэйдынг» (Менск), разам з зарэгістраванай у Расеі DMT Electronics і Neotec Semiconductor з Тайваня. Сьцьвярджаецца, што гэтыя тры кампаніі могуць рабіць «значны ўнёсак» у разьвіцьцё Ўзброеных сіл і ваенна-прамысловага комплексу Расеі. Цяпер на пастаўку ім любой прадукцыі з ЗША неабходна атрымліваць ліцэнзію, выключэньні — толькі для лекаў і прадуткаў харчаваньня.

Як сьцьвярджаецца на сайце арганізацыі, «ДМТ Трэйдынг» працуе з 1996 году і зьяўляецца «вядучым пастаўшчыком электронных кампанэнтаў і вымяральнай тэхнікі, а таксама буйным інжынэрна-тэхнічным цэнтрам, здольным вырашаць шырокі спэктар задач у галіне высокіх тэхналёгій».

Асноўныя кірункі дзейнасьці — «распрацоўка і выраб складаных праграмна-апаратных вымяральных, выпрабавальных, аналітычных і прамысловых комплексаў сямейства „ДМТ“, праектаваньне і камплектаваньне цэнтраў уваходнага кантролю электронных кампанэнтаў, мэтралягічных лябараторый і выпрабавальных цэнтраў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзярждэпартамэнт ЗША: санкцыі дапамагаюць аслабіць расейскую вайсковую моц

Пачынаючы зь лютага 2022 году, урад ЗША ўвёў забарону на ўвесь экспарт, рээкспарт і перадачу прадукцыі, якая падпадае пад дзеяньне Правілаў экспартнага кантролю, для ваеннага выкарыстаньня або канчатковых карыстальнікаў у Расейскай Фэдэрацыі і Беларусі.

Пад кіраўніцтвам ЗША сфармавана кааліцыя з 37 краін, якая ўзмацніла ўплыў амэрыканскіх дзеяньняў, ужыўшы да Расеі меры кантролю, практычна аналягічныя тым, якія былі ўведзены Злучанымі Штатамі. Гэтая глябальная кааліцыя падмацоўвае намаганьні ЗША ў ізаляцыі Расеі ад тавараў, тэхналёгій і праграмнага забесьпячэньня, неабходных Уладзіміру Пуціну для вядзеньня вайны супраць Украіны.

У заяве Дзярждэпартамэнту гаворыцца, што «санкцыі і экспартны кантроль маюць сур’ёзныя і доўгатэрміновыя наступствы для расейскай абаронна-прамысловай базы». Так, ад экспартнага кантролю пацярпела расейская вайсковая авіяцыйная праграма, якая страціла доступ да дэталяў самалётаў, а расейская вытворчасьць гіпэргукавых балістычных ракет практычна спынілася праз адсутнасьць неабходных паўправаднікоў, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчым працэсе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўвядуць санкцыі супраць «транснацыянальнай сеткі» пастаўнікоў вайсковых тэхналёгіяў для Расеі