Пра гэта піша брытанскае выданьне The Guardian са спасылкай на высновы міжнароднай групы юрыстаў Mobile Justice Team, якая дапамагае ўкраінскім уладам расьсьледаваць расейскія ваенныя злачынствы.
«Масавыя катавальныя камэры, якія фінансуюцца расейскай дзяржавай, не выпадковыя, а зьяўляюцца часткай пільна прадуманага пляну з выразнай мэтай — зьнішчыць украінскую нацыянальную і культурную ідэнтычнасьць», — заявіў кіраўнік групы Уэйн Джордаш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН расказала пра катаваньні палонных у вайне Расеі з УкраінайЭкспэрты спасылаюцца на сьведчаньні больш чым тысячы мясцовых жыхароў і вынікі дасьледаваньня 20 катавальных камэр у Херсоне. Гэтымі катавальнымі цэнтрамі, як сьцьвярджаецца, кіравалі супрацоўнікі ФСБ, Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў і мясцовыя жыхары, якія супрацоўнічаюць з расейскімі ўладамі.
У катавальных камэрах зьняволеных зьбівалі, білі электрычным токам, апускалі галаву ў ваду, не даючы дыхаць, а таксама прымушалі вучыць і дэклямаваць прарасейскія лёзунгі, вершы і песьні, распавёў Уэйн Джордаш.
Паводле яго, за час акупацыі ў Херсоне прапалі бязь вестак каля 400 чалавек, некаторыя зь іх загінулі ў турмах. «У нас ёсьць сьведчаньні пра тое, што целы людзей выносілі з турмаў у чорных пакетах», — сказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Херсонскай вобласьці пасьля вызваленьня ад расейцаў пачалі знаходзіць целы закатаваных людзейУкраінскія ўлады раней ужо паведамлялі пра знойдзеныя катавальныя камэры на вызваленай ад расейскай акупацыі тэрыторыі Херсонскай вобласьці, а таксама пра знойдзеныя там целы ахвяраў катаваньняў. Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітро Лубінец расказваў, што ў адным з катавальных цэнтраў быў асобны пакой, дзе ўтрымліваліся непаўналетнія.
Расейскія вайскоўцы, паводле Лубінца, давалі дзецям ваду празь дзень і практычна не кармілі, а таксама аказвалі псыхалягічны ціск, у прыватнасьці, дзецям расказвалі, што іх бацькі нібыта адмовіліся ад іх. «Аднаго з хлопчыкаў, яму 14 гадоў, забралі толькі за тое, што ён сфатаграфаваў разьбітую расейскую тэхніку, — расказваў ён. — Пасьля гэтага яго затрымалі і ўтрымлівалі там з ужываньнем катаваньняў».