Напярэдадні вынясеньня прысуду ў «справе Бяляцкага» міжнародныя праваабарончыя арганізацыі падпісалі заяву, у якой рашуча асуджаюць крымінальны перасьлед Бяляцкага, Стэфановіча і Лабковіча і паўтараюць свой заклік да беларускіх уладаў вызваліць іх неадкладна і безумоўна, зьняць зь іх усе абвінавачаньні і спыніць судовы перасьлед усіх праваабаронцаў у краіне.
Заяву падпісалі:
- ACAT Suisse
- Amnesty International
- ARTICLE 19
- The Barys Zvozskau Belarusian Human Rights House
- Campax
- Civil Rights Defenders
- European Platform for Democratic Elections (EPDE)
- FIDH (International Federation for Human Rights), within the framework of the Observatory for the Protection of Human Rights Defenders
- Freedom House
- Front Line Defenders
- Helsinki Foundation for Human Rights
- Human Rights House Foundation
- Human Rights Watch
- The International Bar Association’s Human Rights Institute (IBAHRI)
- Libereco — Partnership for Human Rights
- Netherlands Helsinki Committee
- Norwegian Helsinki Committee
- Östgruppen — Swedish initiative for Democracies and human rights
- Right Livelihood
- World Organisation Against Torture (OMCT), within the framework of the Observatory for the Protection of Human Rights Defenders
- People in Need
У заяве адзначаецца, што Бяляцкага, Стэфановіча і Лабковіча перасьледуюць за правядзеньне законнай праваабарончай дзейнасьці, а сам судовы працэс над імі і папярэдні пэрыяд расьсьледаваньня суправаджаліся шматлікімі парушэньнямі правоў чалавека і стандартаў справядлівага судовага разбору.
«Пазыцыя пракуратуры ў справе нашых сяброў і калегаў зьяўляецца ўвасабленьнем усёдазволенасьці беларускіх уладаў. Драконаўскія тэрміны турэмнага зьняволеньня і штрафы нават па жахлівых стандартах глыбока скампрамэтаванай беларускай судовай сыстэмы зьяўляюцца цяжкім выпрабаваньнем для абвінавачаных і іх сем’яў», — сказаў Павал Сапелка, выканаўца абавязкаў сябра праўленьня «Вясны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: PEN International у Міжнародны дзень роднай мовы заклікаў падтрымаць нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага- Разгляд крымінальнай справы супраць Бяляцкага, а таксама ягонага намесьніка і віцэ-прэзыдэнта FIDH Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімера Лабковіча і праваабаронца Дзьмітрыя Салаўёва (у парадку спэцыяльнага вядзеньня), пачаўся ў судзе Ленінскага раёну Менску 5 студзеня.
- Іх абвінавачваюць у кантрабандзе — незаконным перамяшчэньні праз мытную мяжу Эўразійскага эканамічнага саюзу ў буйным памеры наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай (ч. 4 арт. 228 КК) і фінансаваньні групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 2 арт. 342 КК).
- Дзяржаўны абвінаваўца Аляксей Кароль на пасяджэньні 9 лютага запатрабаваў асудзіць Бяляцкага на 12 гадоў калёніі, Стэфановіча — на 11, Лабковіча — на 9. Салаўёву, якога судзяць завочна, ён прапанаваў прысудзіць 10 гадоў калёніі.
- Згаданых праваабаронцаў, апрача Салаўёва, затрымалі 14 ліпеня 2021 году праз абвінавачаньне ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў (арт. 243 КК). У верасьні 2022 году справа паводле гэтага артыкулу была спыненая, але праваабаронцам выставілі абвінавачаньне паводле арт. 228 і 342 КК.
- 7 кастрычніка 2022 году Бяляцкі разам з праваабарончымі арганізацыямі «Мемориал» (Расея) і «Центр громадянських свобод» (Украіна) быў абвешчаны ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру.