Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен на сустрэчы «Групы вялікай дваццаткі», якая працягваецца ў Індыі, заклікаў Расею падоўжыць дзеяньне ўкладзенай з пасярэдніцтвам ААН і Турэччыны дамовы пра экспарт украінскага зерня:
«Надзвычай важна, каб „Група дваццаці“ выступіла на карысьць падаўжэньня і пашырэньня збожжавай ініцыятывы для ўмацаваньня харчовай бясьпекі найбольш уразьлівых груп насельніцтва», — сказаў Блінкен міністрам замежных спраў у Дэлі.
Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў, у сваю чаргу, абвінаваціў краіны Захаду ў тым, што гэта яны «пахавалі» збожжавае пагадненьне.
Чарнаморскае збожжавае пагадненьне заключылі ў 2022 годзе пры пасярэдніцтве ААН і Турэччыны, тэрмін дзеяньня ўгоды заканчваецца 18 сакавіка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія вайскоўцы ўдарылі па жылым доме ў Запарожжы: абвалілася некалькі паверхаў, ёсьць загінулыяG-20 ва ўмовах геапалітычнай напружанасьці
Міністры замежных спраў краін «Вялікай дваццаткі» сабраліся ў сталіцы Індыі Дэлі на фоне ўзмацненьня геапалітычнай напружанасьці, выкліканай вайной ва Ўкраіне, якая стварае перашкоды для дасягненьня кансэнсусу паміж найбуйнейшымі эканомікамі сьвету.
У сустрэчы бяруць удзел дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен, міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў, міністар замежных спраў Кітая Цінь Ган і іншыя. Апроч вайны ва Ўкраіне, дадатковым фактарам узмацненьня напружанасьці паміж Вашынгтонам і Пэкінам стала зьнішчэньне меркаванага кітайскага выведвальнага аэрастата ля ўсходняга ўзьбярэжжа ЗША у лютым.
На сустрэчы міністраў замежных спраў ЗША і іх саюзьнікі будуць настойваць на тым, каб група заняла цьвёрдую пазыцыю ў адносінах да вайны ва Ўкраіне.
Эўразьвяз заявіў, што аб посьпеху сустрэчы можна будзе меркаваць па тым, што яна зробіць у адносінах да канфлікту ва Ўкраіне. Па словах аналітыкаў, улічваючы глыбокія рознагалосьсі, перад Індыяй стаіць складаная задача сфармаваць сумесную пазыцыю па выніках перамоваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аб’яднаныя Арабскія Эміраты за год вайны ў 7 разоў павялічылі экспарт электронікі ў Расею