«Макей баяўся, што Расея анэксуе Беларусь», — кіраўнік МЗС Фінляндыі

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Пэка Хаавіста (зьлева) і Ўладзімер Макей падчас сустрэчы ў Беларусі. 2019

Размова адбылася пасьля таго, як Расея абвясьціла пра анэксію чатырох украінскіх абласьцей 30 верасьня 2022 году. Макей баяўся, што Беларусь стане наступнай.

Міністар замежных спраў Фінляндыі Пэка Хаавіста расказаў у інтэрвію фінскаму выданьню Iltalehti, пра што ён гутарыў з кіраўнікоў МЗС Беларусі Ўладзімерам Макеем незадоўга да ягонай сьмерці.

Размова адбылася пасьля таго, як Расея абвясьціла пра анэксію чатырох украінскіх абласьцей 30 верасьня 2022 году. Па словах Хаавіста, Макей баяўся анэксіі Беларусі з боку Расеі.

«Яго вельмі хвалявала, ці будзе Беларусь пятай [пятым анэксаваным рэгіёнам]», — заявіў Хаавіста.

Таксама Пэка Хаавіста заявіў, што пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне ён кантактаваў з Макеем, каб зразумець, што Беларусь думае пра Расею і вайну.

На думку Хаавіста, пасланьні Беларусі маюць падвойны сэнс. У якасьці прыкладу ён прывёў словы Лукашэнкі, які сказаў, што Беларусь падтрымлівае Расею, але тая настолькі моцная, што ня мае патрэбы ў падтрымцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьмерць Макея, або Чаму ня варта і на хвіліну станавіцца на бок Зла

Кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей раптоўна памёр 26 лістапада на 65-м годзе жыцьця. Афіцыйна пра абставіны і прычыны сьмерці да сёньня не паведамляюць. Макей кіраваў МЗС Беларусі 10 гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Група Bellingcat правядзе расьсьледаваньне сьмерці Ўладзімера Макея