Міністэрства культуры Расеі разам зь Міністэрствам абароны ствараюць агітбрыгады, у якія ўвойдуць выканаўцы розных узростаў з розных рэгіёнаў, паведаміла кіраўніца расейскага Мінкульту Вольга Любімава, піша DW:
«Часам гэта выканаўцы старэйшага пакаленьня, часам гэта самыя маладыя калектывы, якія яшчэ толькі фармуюцца. Дзесьці трэба хлопцаў на рэабілітацыі наведаць, дзесьці зь вялікім канцэртам, дзесьці выступіць на плошчы, дзесьці паехаць у рэгіёны», — заявіла Любімава ў эфіры тэлеканала «Расея 24».
Раней газэта «Ведамасьці» са спасылкай на крыніцу ў адміністрацыі Пуціна патлумачыла, што агітбрыгады займаюцца «падняцьцем баявога настрою» прызыўнікоў.
Аб стварэньні самай папулярнай зь іх — агітбрыгады «Русского радио» — было абвешчана 28 верасьня 2022 году. У яе склад павінны былі ўвайсьці гурт «Зямляне», сьпевакі Грыгорый Лепс, Мікалай Баскаў, Паліна Гагарына, Алег Газманаў, Ларыса Доліна і іншыя. З таго часу агітбрыгада пасьпела выступіць у вайсковым шпіталі, на мабілізацыйным пункце і ў іншых месцах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайна ва Ўкраіне: расейскія войскі абстралялі Херсон, у наступ на Бахмут кінулі вагнэраўцаўПраз год пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну дакладная колькасьць стратаў расейскага войска застаецца невядомай.
Заснавальнік Conflict Intelligence Team Руслан Лявіеў у інтэрвію «Настоящему времени» расказаў, што, паводле ацэнкі іх каманды, страты Расеі ва Ўкраіне складаюць сама меней ад 130 да 270 тысяч забітых і параненых. Сярод іх забітых — ад 30 да 80-90 тысяч чалавек (на пачатак лютага).
«І гэта толькі вайскоўцы», — удакладняе аналітык. Так, напрыклад, яны не ўлічвалі страты ПВК «Вагнэр», байцы якой таксама ваююць ва Ўкраіне і, паводле дадзеных заходняй выведкі, за ўвесь час вайны страціла забітымі і параненымі 30 тысяч чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выведка Вялікай Брытаніі: Страта самалёта ў Мачулішчах яшчэ больш абмяжуе паветраныя апэрацыі Расеі ва Ўкраіне