Аэрапорт Пецярбурга паўтары гадзіны не прымаў самалётаў, неба над горадам закрылі, затрымалі рэйс «Белавія»

Аэрапорт Пулкава ў Пецярбургу, фота з сайту аэрапорту

Аэрапорт Пулкава ў Пецярбургу часова не прымае і не адпраўляе самалётаў, паведаміў урад гораду аб 11-ай раніцы 28 лютага, не ўдакладніўшы прычыны.

З прычыны закрыцьця неба ў Ленінградзкай вобласьці Расеі, паводле зьвестак аэрапорта Пулкава, быў затрыманы ранішні рэйс авіякампаніі «Белавія» (В2942) з Санкт-Пецярбургу ў Менск. Самалёт павінен быў вылецець у 10:30 і прыбыць у 12:00. Згодна з раскладам на сайце Нацыянальнага аэрапорту Менск, борт чакаецца ў 14:55. На сёньня заплянаваныя яшчэ два рэйсы з Санкт-Пецярбургу — у 15:15 і 20:10.

Расейскія тэлеграм-каналы без спасылкі на крыніцы паведамляюць, што ў паветранай прасторы заўважылі «неапазнаны аб’ект». Інфармацыя афіцыйна не пацьверджаная.

Тэлеграм-каналу Baza паведаміў, што на тэрыторыі горада дзейнічае плян «Дыван» — яго ўводзяць пры незаконным перасячэньні мяжы, а таксама пры зьяўленьні ў паветранай прасторы неапазнаных абʼектаў. Паводле тэлеграм-каналу Bazа, у паветра паднялі зьнішчальнікі, а паветраную прастору закрылі на 200 кілямэтраў. Паводле інфармацыі тэлеграм-каналу «112», у паветры заўважылі два зьнішчальнікі — Су-35 і МіГ-31.

Дадзеныя сэрвісу Flightradar24 паказалі, што шэраг унутраных рэйсаў, якія накіроўваюцца ў Санкт-Пецярбург, вяртаюцца ў пункты прызначэньня. У прыватнасьці, так зрабіў борт, які ляцеў з Масквы ў Санкт-Пецярбург.

Паводле ўраду Санкт-Пецярбургу, аэрапорт і яго службы працуюць у штатным рэжыме. Пулкава ня будзе прымаць і адпраўляць самалёты да 12:00 мясцовага часу.

У 12:31 у Telegram-канале гарадзкой улады Санкт-Пецярбургу зьявілася паведамленьне аб тым, што неба над горадам адкрытае, усе часовыя абмежаваньні зьнятыя. Пазьней стала вядома, што аэрапорт аднавіў працу.

Увечары 27 лютага ўлады Белгарадзкай вобласьці Расеі заявілі аб падзеньні трох бесьпілётнікаў у рэгіёне, у ноч на 28 лютага адбыўся пажар на нафтабазе ў Краснадарскім краі РФ, згодна з паведамленьнямі СМІ, таксама з прычыны імавернай атакі дронаў. Адказнасьць за напад ніхто на сябе ня ўзяў. Расейскія ўлады абвінавачваюць Украіну ў датычнасьці да інцыдэнтаў, аднак Кіеў афіцыйна гэтага не камэнтуе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі паведамілі пра атаку дронамі Белгарада і Туапсэ, гарыць нафтабаза