«Марыя вярнулася да працы ў калёніі, — расказалі „Народнай волі“ пра стан здароўя Калесьнікавай яе знаёмыя. — Аднаўляецца пасьля апэрацыі, набірае вагу, бо пасьля бальнічнай палаты схуднела. І галоўнае — застаецца моцнай духам...».
Вядома, што ў калёніі Марыі Калесьнікавай забаронена тое, на што іншыя зьняволеныя маюць права, паведамляе «Народная воля». Напрыклад, сёлета тэлефонныя званкі абмежавалі да аднаго на месяц, забаранілі размаўляць зь сястрой. Летась было толькі адно спатканьне з бацькам. Таксама апошнім часам былі праблемы зь ліставаньнем.
«Я дакладна ведаю, што любыя цяжкасьці скончацца, — напісала ў адным са сваіх лістоў на волю Марыя Калесьнікава. — Дык навошта сумаваць і перажываць, калі абавязкова наступіць момант, калі цяжкасьці закончацца? Навошта траціць час свайго жыцьця на тое, што ня мае сэнсу, ды яшчэ і прыносіць мне шкоду? Я жыву так, як быццам не існуе ўсяго гэтага жудаснага і „дзіўнага“, што наўкол мяне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: вязьню горадзенскай турмы не дазволілі слаць паштоўкі на польскай мове, Калесьнікава даслала ліст бацькуЗдароўе палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай пачало моцна пагаршацца 28 лістапада, калі «да праблем зь ціскам, млоснасьцю і прытомнасьцю дадаўся нясьцерпны боль у страўніку». Пасьля гэтага Калесьнікавай зрабілі ляпараскапічную апэрацыю.
Перад шпіталізацыяй яе зьмясьцілі ў ШЫЗА на 10 дзён. Там было вельмі холадна, ад чаго палітзняволеная амаль ня спала. Некалькі разоў яна непрытомнела, у яе быў павышаны ціск і млосьць. У тым ліку яна страціла прытомнасьць у душы і пры падзеньні падрапала ногі.