Генэральны сакратар ААН жорстка скрытыкаваў Расею за вайну супраць Украіны

Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш (архіўнае фота)

Разьвязаная Масквой агрэсіўная вайна прывяла да самых масавых парушэньняў правоў чалавека ў цяперашнія часы, заявіў Антонію Гутэрыш.

Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш 27 лютага ў Жэнэве выступіў на адкрыцьці сэсіі Рады ААН па правах чалавека.

Ён зьвярнуў увагу на абуральныя парушэньні парушэньні Расеяй правоў чалавека ва Ўкраіне, ​піша DW. Паводле ягоных слоў, разьвязаная Масквой агрэсіўная вайна прывяла да самых масавых парушэньняў правоў чалавека ў цяперашнія часы.

Вайна Расеі супраць Украіны, якая пачалася год таму, прывяла да гібелі людзей, разбурэньняў і перамяшчэньня асоб у вялікім маштабе. Удары па мірных жыхарах і грамадзянскай інфраструктуры пацягнулі за сабой шматлікія ахвяры і жудасныя пакуты. Упраўленьне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека задакументавала дзясяткі выпадкаў сэксуальнага гвалту, адзначыў Генэральны сакратар ААН.

Антонію Гутэрыш таксама паведаміў аб грубых парушэньнях нормаў гуманітарнага права, у прыватнасьці, аб жорсткім абыходжаньні з ваеннапалоннымі і выкраданьнях цывільных асоб.

Чакаецца, што падчас сэсіі кіраўнік Камісіі па расьсьледаваньні падзей ва Ўкраіне Эрык Месе выступіць з дакладам, у якім прадставіць доказы ўчыненых расейскімі салдатамі ваенных злачынстваў. Чакаецца, што сэсія адобрыць падаўжэньне мандата камісіі.

Сёньня ж стала вядома аб новай ініцыятыве Эўракамісіі ў сувязі з вайной ва Ўкраіне. Разам з Польшчай яна мае намер расьсьледаваць выпадкі вывазу ўкраінскіх дзяцей у Расею, з мэтай знайсьці вывезеных і прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у іх выкраданьні. Пра гэта паведамляюць Deutsche Welle і Польскае радыё. Улады Ўкраіны і шэрагу іншых краін абвінавачваюць Расію ў дэпартацыі дзяцей з акупаваных тэрыторый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля меркаванага выбуху ў Мачулішчах памежнікі праводзяць узмоцнены надгляд на выезьдзе зь Беларусі