Падчас судовага паседжаньня 27 лютага дзяржаўны абвінаваўца запрасіў для Сьвятланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі па 19 гадоў калёніі завочна, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Для Вольгі Кавальковай, Сяргея Дылеўскага і Марыі Мароз пракурор запрасіў па 12 гадоў калёніі.
Паводле інфармацыі правааабронцаў, пракурор таксама лічыць неабходным прызначыць Ціханоўскай штраф у памеры 37 тысяч рублёў, а Латушку — забарону права займаць пасады на тэрмін 5 гадоў.
Ціханоўская, Кавалькова і Мароз павінны адбываць тэрмін у калёніі агульнага рэжыму, Латушка і Дылеўскі — узмоцненага рэжыму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаўся завочны суд над Ціханоўскай, Латушкам і іншымі фігурантамі «справы Каардынацыйнай рады»- У так званай «справе Каардынацыйнай рады» праходзяць дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская, кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка, сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова і яе калега, кіраўнік страйкаму МТЗ Сяргей Дылеўскі, былая кіраўніца перадвыбарчага штабу Ціханоўскай Марыя Мароз.
- Суд над імі пачаўся 17 студзеня ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс ідзе завочна, бо ўсе фігуранты знаходзяцца за межамі Беларусі. Іх справу расьсьледавалі ў рамках «спэцыяльнага вядзеньня».
- Сьвятлану Ціханоўскую абвінавачваюць паводле некалькіх артыкулаў КК: у здрадзе дзяржаве, масавых беспарадках, стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня, распальваньні варожасьці, змове з мэтай захапіць уладу, закліках да санкцый.
- Паўла Латушку абвінавачваюць у закліках да санкцый, распальваньні варожасьці, атрыманьні хабару, стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня. Падобныя абвінавачваньні агучаныя і на адрас сябраў Каардынацыйнай рады Марыі Мароз, Вольгі Кавальковай, і Сяргея Дылеўскага.
- Адвакаты Ціханоўскай і Латушкі заявілі хадайніцтвы аб спыненьні вядзеньня ў крымінальнай справе іхных падабаронных, але суд адхіліў іх.