Хакеры заявілі, што ўзламалі сайт фонду сацабароны. Яны патрабуюць вызваліць палітвязьняў

Ілюстрацыйнае фота

Адказнасць за атаку ўзяла на сябе інфармацыйная група Абʼяднанага штабу супраціву, якая раней узламала сайт «Беларуськалію».

Беларускія хакеры заяўляюць, што 27 лютага зрабілі атаку на партал фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Беларусі. Адказнасць узяла на сябе інфармацыйная група «Абʼяднанага штабу супраціву Менску» (АШС), паведамляе тэлеграм-канал «Алиса рассказывает».

АШС заявіў, што гэтым нападам ён дамагаецца вызваленьня палітычных зьняволеных з турмаў Беларусі:

«АШС, як і было заяўлена ў мінулым, дзеля выкананьня заяўленых плянаў працягвае палітыку нарошчваньня ціску да ўзроўню нулявой талерантнасьці ў дачыненьні да саўдзельнікаў злачынстваў рэжыму Лукашэнкі і інфраструктуру, якая выкарыстоўваецца для падтрыманьня рэжыму Лукашэнкі. АШС патрабуе неадкладнага вызваленьня ўсіх беларускіх палітвязьняў!», — гаворыцца ў паведамленьні.

Цяпер працаздольнасьць карыстальніцкага парталу ФСАН адноўлена, аднак ён не адкрываецца з-за мяжы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што такое чат-рулетка, удзельнікаў якой працягвае затрымліваць ГУБАЗіК?

«Абʼяднаны штаб супраціву Менска» ўпершыню заявіў пра сябе 16 жніўня, узламаўшы сайт «Беларуськалію» і разьмясціўшы там зварот да абʼяднаных штабоў супраціву Беларусі, актывістаў мірнага пратэсту, адміністратараў «астатніх дваровых чатаў» і сілавікоў.

У верасьні мінулага года хакеры заявілі пра ўзлом сайта жодзінскага прадпрыемства «БелАЗ». На галоўнай старонцы штаб разьмясьціў заяву, дзе гаворыцца аб тым, што БелАЗ, як і многія іншыя дзяржаўныя прадпрыемствы краіны, «захоплены „сямʼёй“ Лукашэнкі».

24 лютага гэтага года хакеры часткова заблякавалі прававы партал pravo.by. Хакеры заявілі, што «паклалі» яго ў знак пратэсту супраць вайны і Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Група аналізу пагроз Google назвала шэсьць хакерскіх груповак, якія працуюць на Расею, у тым ліку адну беларускую