Паводле прэсавай службы Мінабароны Беларусі, на нараду запрасілі дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі, міністраў унутраных спраў і абароны, старшыняў КДБ і Дзяржаўнага памежнага камітэту.
Падчас нарады зь сілавікамі ў вузкім коле Аляксандар Лукашэнка не згадаў інцыдэнт у Мачулішчах, але запатрабаваў ад іх «жэстачайшай дысцыпліны», асабліва на мяжы.
Паводле яго слоў, міліцыя, КДБ, вайскоўцы «павінны бачыць на межах краіны любую найменшую агрэсію ў адносінах да нашай дзяржавы, каб прыняць адпаведныя меры рэагаваньня».
Лукашэнка чакае, што «ворагі краіны» скарыстаюцца любой магчымасьцю, каб «разгайдаць» сытуацыю ў Беларусі. «Я вас прашу і патрабую, каб вы выконвалі гэтыя даручэньні. Усё астатняе — мая справа», — сказаў Лукашэнка.
Нарада адбылася на наступны дзень пасьля імавернай дывэрсіі ў Мачулішчах.
- ByPol паведаміў, што выбухі пашкодзілі пярэднюю і цэнтральную часткі самалёта. Адказнасьць за дывэрсію ў Мачулішчах узялі ўдзельнікі пляну «Перамога».
- Рэжым Аляксандра Лукашэнкі пакуль ніяк не пракамэнтаваў здарэньне, хоць сам Лукашэнка склікаў не анансаваную раней нараду зь сілавікамі.
- Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў заявіў, што афіцыйны Менск зьняпраўдзіў інцыдэнт, хоць гэтага не адбылося.
- Пасьля меркаванага выбуху ў Мачулішчах памежнікі ўзмоцнена праглядаюць людзей на выезьдзе зь Беларусі.
- Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманьні людзей у Мачулішчах і Фаніпалі пасьля меркаванага падрыву.
- Рэдакцыя Свабоды пакуль ня можа спраўдзіць гэтую інфармацыю з дапамогай незалежных крыніц.
У Маскве не камэнтуюць
Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў ня стаў камэнтаваць паведамленьні пра пашкоджаньне расейскага самалёта ДРЛА А-50 нібыта ў выніку атакі дронаў на вайсковы аэрадром у Мачулішчах пад Менскам. Яго цытуе Ria.ru:
«Не, нам няма чаго тут казаць. Гэта ўсё ж інфармацыя, якая была апублікаваная, у ёй ішла гаворка пра Беларусь, і Беларусь абвергла», — сказаў Пяскоў журналістам.
Аднак на гэты момант беларускія афіцыйныя асобы ніяк не камэнтавалі інцыдэнт у Мачулішчах і не зьняпраўджвалі яго.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як выглядаў расейскі самалёт А-50 у Мачулішчах да імавернага падрыву. Фота са спадарожнікаПерад гэтым Аляксандар Лукашэнка правёў нараду ў пытаньнях фінансаваньня закупак прадукцыі вайсковага прызначэньня. Падчас нарады ён заявіў, што «Беларусь вырабляе дастаткова ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі для патрэбаў беларускага войска» і ўсё, што трэба беларускаму войску, Беларусь «проста атрымлівае» з Расеі.
Агулам, паводле Лукашэнкі, за мінулы год ва Ўзброеныя сілы Беларусі паступілі больш як 500 адзінак новых узораў узбраеньня і вайсковай тэхнікі.
Сёлета, паводле Лукашэнкі, плянуюцца пастаўкі ў Беларусь самалётаў Су-З0СМ, верталётаў Мі-З5М, бронетранспартэраў, а таксама іншага ўзбраеньня, ракет і боепрыпасаў.
Старшыня Дзяржкамваенпраму Дзьмітры Пантус па выніках нарады паведаміў, што цяпер ведамства занятае арганізацыяй сэрыйнай вытворчасьці бесьпілётнікаў, і Мінабароны і воінскія фармаваньні ўжо вызначылі канкрэтныя віды, якія будуць браць на ўзбраеньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі Генштаб: Беларусь далей забясьпечвае Расею аэрадромамі, транспартам і мэдычнай сеткай для вайны супраць УкраіныДапамога ўладаў Беларусі ў расейскай вайне супраць Украіны
Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што Беларусь удзельнічае ў «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» ва Ўкраіне, усяляк падтрымліваючы Расею, але «нікога не забіваючы». Гэтым тэрмінам расейскае, а ўсьлед за ім і беларускае кіраўніцтва называе поўнамаштабную вайну супраць Украіны, якую Расея пачала 24 лютага 2022 году. Разам з тым Лукашэнка часам называе разьвязаны Расеяй канфлікт вайной.
Улады ў Менску адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяньнях на баку Расеі, у той жа час тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварваньня, а таксама ў асобныя пэрыяды пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскай арміяй для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне.
Таксама ёсьць сьведчаньні таго, што Беларусь дапамагае Расеі зброяй: танкі і іншую бранятэхніку разам з боепрыпасамі актыўна вывозяць у Расею, хоць Мінабароны Беларусі сьцьвярджае, што тэхніку вывозяць на мадэрнізацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 20 БМП, 100 танкаў, тысячы тон боепрыпасаў. Як Беларусь дапамагае Расеі зброяй і навоштаУ верасьні 2022 году беларускія ўлады абвясьцілі, што ў краіне створаць сумесную з Расеяй групоўку войскаў, з прычыны «неабходнасьці супрацьстаяць агрэсіўным намерам NATO і забясьпечваць абароназдольнасьць». Неўзабаве пасьля гэтага ў Беларусь пачалі прыбываць эшалёны з расейскімі вайскоўцамі і тэхнікай, пераважна тэнтаванымі «КамАЗамі» для перавозкі салдат.
Паводле беларускага Міністэрства абароны, групоўка ўключае ў сябе да 9 тысяч расейскіх вайскоўцаў, а таксама да 170 танкаў, да 200 браняваных машын, да 100 гармат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брытанская выведка: падрыхтоўку мабілізаваных расейцаў праводзяць у Беларусі празь недахоп інструктараў і абсталяваньня