У Расеі за асьвятленьне вайны з Украінай заблякавалі больш за 10 тысяч сайтаў

За год вайны супраць Украіны ў Расеі ў рэестар забароненых сайтаў дадалі больш за 10 тысяч рэсурсаў, якія нібыта «дыскрэдытавалі» расейскае войска і «распаўсюджвалі фэйкі».

Пра гэта гаворыцца ў сумесным дасьледаваньні арганізацыі OONI (Open Observatory of Network Interference) і праекта «Роскомсвобода».

Асноўным ініцыятарам большасьці блякаваньняў, зьвязаных з «дыскрэдытацыяй» расейскага войска, стала Генпракуратура РФ, бо паводле яе рашэньня можна абмяжоўваць доступ да сайтаў абыходзячы судовы працэс.

У тым ліку летась быў заблякаваны сайт расейскай службы Радыё Свабода, які адным зь першых трапіў пад цэнзуру.

Агулам за 2022 год з розных прычынаў у Расеі заблякавалі амаль 250 тысяч рэсурсаў, пры гэтым колькасьць блякаваньняў рэзка ўзрасла да канца 2022 году: калі за першыя 11 месяцаў улады блякавалі ў сярэднім па 19,4 тысячы сайтаў, у сьнежні ў бан патрапілі рэкордныя 34,2 тысячы рэсурсаў.

Паводле дасьледчыкаў, найчасьцей траплялі пад блякаваньне наступныя катэгорыі сайтаў:

  • сайты ўкраінскіх і іншых замежных мэдыя,
  • антыкарупцыйныя расьсьледаваньні і рэсурсы,
  • VPN-сэрвісы,
  • сайты з «уцечкай» пэрсанальных дадзеных расейцаў,
  • ЛГБТК±тэматычныя сэрвісы, сайты з анімэ, музыкай і кліпамі, а таксама гульні, у якіх згадвалася вайна ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У 2022 годзе ў Беларусі заблякавалі больш за 3 тысячы інтэрнэт-рэсурсаў

У Беларусі 2022 годзе заблякавалі больш за 3 тысячы інтэрнэт-рэсурсаў.

У 2021–2022 гадах па заявах МУС інфармацыйная прадукцыя 778 тэлеграм-каналаў і іншых інтэрнэт-рэсурсаў прызнана судамі экстрэмісцкімі матэрыяламі. Больш за 300 тэлеграм-каналаў і чатаў прызнаны экстрэмісцкімі фармаваньнямі. Спынена дзейнасьць больш як 160 тэлеграм-каналаў і чатаў.

Апошнім часам у Беларусі ўсё часьцей затрымліваюць і заводзяць палітычна матываваныя крымінальныя справы за так званую «экстрэмісцкую дзейнасьць»: ёй улады прызнаюць удзел у пратэстах, выказваньні ў інтэрнэце супраць уладаў і супраць расейскага ўварваньня ва Ўкраіну і інш.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 фактаў парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам