Спатканьне Андрэя з роднымі адбывалася праз шкло і тэлефон, яно пакінула мноства прыемных і цёплых уражаньняў, піша Андрэева жонка Алеся на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
«Кабінкі ў першай калёніі сьветлыя і акуратныя, шкло паміж суразмоўцамі чыстае і ўсё добра бачна. Можна палічыць усе новыя зморшчынкі на твары каханага і ацаніць яго новую спартыўную фігуру. Пагаварыць далі аж тры гадзіны, а з прывезенай перадачы амаль нічога не забракавалі. Ну чым ня шчасьце?
Магчыма, цэнзары і ахоўнікі не прывыклі, каб зьняволеныя і іх наведнікі падчас сустрэчы ўголас сьмяяліся, бо паглядалі яны на нас дзікавата», — напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку жонка Алеся.
«Была не адна нагода засмуціцца, але я — бы таўстаскуры бэгемоцік»
Андрэй пасьля спатканьня даслаў жонцы вельмі цёплы і шчыры ліст, у якім піша:
«Вы — маё шчасьце, мая сіла, мая надзея, маё апірышча, мой ветразь, маё сонца, мой маяк. Уражаны, колькі ў табе энэргіі, няўрымсьлівасьці, свабоды. Так адвык ад гэтага, і так быў рады гэтым падзарадзіцца. Ну, і гастранамічныя ўражаньні і ўспаміны таксама, аказваецца, не пусты гук.
Пасьля нашага спатканьня яшчэ раз успамінаў пра тваю цытату, што такое шчасьце і як яго адчуць нават у неспрыяльных абставінах. Я на сабе праверыў, што можна быць шчасьлівым, нават калі дождж, неўладкаванасьць, прыкрыя размовы, непаразуменьне. Была не адна нагода засмуціцца, але я, бы таўстаскуры бэгемоцік, думаю пра сваё багацьце — вас, і цешуся зь мінулага, і мару пра будучыню», — піша палітвязень.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нічога нястрашнага». Дзёньнік з Бучы беларускага пісьменьніка Сяргея Прылуцкага«Я ж ня звыклы да такой нагрузкі. Мне б клявіятуру...»
Родныя пішуць, што Андрэй вельмі схуднеў. Давялося самому ўшываць усю вопратку. У калёніі ён працуе на лесапілцы на вуліцы 6 дзён на тыдзень. Прызнаецца, што ад працы зь пілой баліць локаць. І вельмі сумуе па рэдактарскай працы: «Я ж ня звыклы да такой нагрузкі. Мне б клявіятуру...»
Сваякі прывезьлі Андрэю новую вопратку. Ён жартуе, што паколькі гэтая зіма ўжо канчаецца, затэстуе цёплыя шкарпэткі з рукавіцамі наступнай зімой на ровары.
«У мяне нядзеля апісаньня новых рэчаў у торбе. Прыемны клопат з адчуваньнем цеплыні і любові, зь якой вы ўсё зьбіралі і рыхтавалі. А паглядзеўшы на рукавічышчы і шкарпэцішчы з вусьцілкамі-футрамі, аж пашкадаваў, што зіма скончылася збольшага, мо ў наступную для ровара такія апранахі затэстую. Дый для вясны ёсьць цудоўныя гумовыя ўцепленыя пальчаткі, але хутчэй хочацца схапіць імі на працы якое бервяно.
У гэтым кантэксьце твая згадка пра непрыемныя працы, якія я рабіў дома, выклікала настальгічную ўсьмешку. Нават тады гэтыя працы былі мне прыемныя. Праўда, рукастым майстрам я ніколі ня буду і ня быў, само сабой».
Алеся прыводзіць некалькі выразаў Андрэя, якія ёй запомніліся:
«Калі вы мне кажаце, што фатаграфія на маёй бірцы да мяне не падобная, гэта яшчэ ня страшна. А вось калі на праверцы мне такое ж кажуць...»
«Мама, калі будзеш толькі за сваю пэнсію перадачы мне купляць і ад дапамогі адмаўляцца, наступны раз замоўлю адной бульбы».
«Яго былыя таварышы па зоне пры гэтым кажуць, што Андрэй Кузьнечык стаханавец і любіць працаваць. А яшчэ, што ён нобэлеўскі ляўрэат, але я іх папраўляю, кажу, магчыма, наступным разам».
У ютубе зьявіліся дзіцячыя песенькі на вершы Кузьнечыка
Андрэй у душы рамантык і лірык, заўважае кожную дробязь.
«А ў нас ужо ўтвараюць у небе размаітыя танцы фігур і вобразаў гурты птушак (праўда, знаўцы псуюць рамантыку: кажуць, коршак на іх палюе, а яны гэтак ратуюцца). Вылятаюць хісткай траекторыяй самыя нецярплівыя камарыкі, а найдзіўнеўшыя дзівы — проста пад нагамі трапечуцца прыгожыя чорна-чырвоныя матылі — лётаць ня могуць, але ўжо аднекуль узяліся».
Андрэй працягвае пісаць сваім дзецям — 9-гадовай Яніне і 3-гадоваму Мацьвею — вершы на паштоўках. Нядаўна ў ютубе зьявіліся песенькі на Андрэевы вершы — «Верабейка-гаспадар»
Музыку напісала і прасьпявала песенькі Тацяна Грыневіч-Матафонава.