Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі заявіла, што «Беларусь і Ўкраіна змагаюцца з адным злом».
«Мы змагаемся з тыраніяй і імпэрскай агрэсіяй Крамля. Яны не разглядаюць Беларусь і Ўкраіну як незалежныя дзяржавы. Яны хочуць заняволіць і наш народ. Але гэта не атрымаецца. Перамога Ўкраіны дапаможа нашай барацьбе, але і наадварот. Найлепшай дапамогай для Ўкраіны будуць дэмакратычныя зьмены ў Беларусі. А вольная Беларусь будзе самай моцнай абаронай ад Пуціна...», — сказала Ціханоўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Савіных спрабаваў сарваць выступ Ціханоўскай перад ПА АБСЭ, яго падтрымала толькі РасеяЯна нагадала, што з 2020 году было рэпрэсавана больш за 60 тысяч беларусаў, а штодня затрымліваюць у сярэднім 17 чалавек.
«Толькі летась больш за 5 тысяч трапілі за краты з палітычных матываў. Сёньня 1500 чалавек прызнаныя палітвязьнямі. Яны зазнаюць фізычны гвалт і псыхалягічныя катаваньні...» — заявіла Ціханоўская.
Палітык папрасіла арганізаваць на летняй сэсіі дыскусію па беларускім парадку дня і запрасіць на яе прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці Беларусі.
«Я заклікаю АБСЭ адлучыць лукашэнкаўскіх дэпутатаў ад удзелу ва ўсіх мерапрыемствах... Мала таго, што яны ня маюць мандата, дык яшчэ і злачынцы, якія здрадзілі нашаму народу. Што гэтыя людзі яшчэ робяць у міжнародных арганізацыях?»
Паведамляецца, што прадстаўнікі Азэрбайджану і Расеі выйшлі з залі, калі Сьвятлана Ціханоўская пачала свой выступ.
У Вене на сэсію Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ прыбылі дзьве беларускія дэлегацыі. Праўладную ўзначальвае Андрэй Савіных. На чале дэлегацыі дэмакратычнай Беларусі — Сьвятлана Ціханоўская.