Савіных спрабаваў сарваць выступ Ціханоўскай перад ПА АБСЭ, яго падтрымала толькі Расея

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Беларусі Андрэй Савіных

На сэсію Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Вену прыбылі дзьве беларускія дэлегацыі. Праўладную ўзначальвае дэпутат Андрэй Савіных, а дэмакратычную — Сьвятлана Ціханоўская.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных спрабаваў сарваць выступ дэмакратычнай лідэркі Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай на Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Вене, але яго падтрымала толькі Расея. Пра гэта 24 лютага паведамляе прэсавая служба Сьвятланы Ціханоўскай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў АБСЭ: «Лукашэнка павінен паўстаць перад трыбуналам»

Падчас пасяджэньня ў залі прысутнічалі ўсе дэлегацыі, у тым ліку расейская і афіцыйнага Менску. Прэзыдэнтка Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Маргарэта Сэдэрфельт прапанавала на зацьвярджэньне парадак дня, але Савіных выступіў з пратэстам. Ён заявіў, што Сьвятлана Ціханоўская нібыта ня мае права выступаць, бо «знаходзіцца ў міжнародным вышуку за спробу захопу ўлады».

Толькі Расея падтрымала гэты пратэст. Тады дэпутат Савіных з двума памочнікамі пакінуў залю, больш ніхто ня выйшаў.

А калі выступаў сам Савіных, як паведамляе прэсавая служба Ціханоўскай, шэраг дэлегацый пакінулі залю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Аўстрыі стварылі парлямэнцкую групу «За незалежную дэмакратычную Беларусь»

Сьвятлана Ціханоўская бярэ ўдзел у сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, якая праходзіць 23–24 лютага ў Вене. Вынікам яе перамоваў з дэпутатамі парлямэнту Аўстрыі стала стварэньне там парлямэнцкай групы «За незалежную дэмакратычную Беларусь».

У парлямэнце Аўстрыі кіраўнікі асноўных аўстрыйскіх партый 24 лютага далі сумесную зь Ціханоўскай прэсавую канфэрэнцыю, на якой выказалі падтрымку беларускаму народу ў барацьбе за дэмакратыю і незалежнасьць, паведаміла прэсавая служба Ціханоўскай.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных выступіў 23 лютага з прарасейскай прамовай на Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Вене. Падчас гэтага выступу ўкраінскія дэпутаты разгарнулі за ім нацыянальны сьцяг.

Савіных, які ў Палаце прадстаўнікоў узначальвае Пастаянную камісію па міжнародных справах, назваў вайну ва Ўкраіне, на ўзор расейскай прапаганды, «спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падчас выступу Савіных у АБСЭ расейцы абражалі ўкраінскі сьцяг. ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэлегацыя ад Беларусі прагаласавала супраць рэзалюцыі Генэральнай Асамблеі ААН аб вайне ва Ўкраіне