«Галасы Беларусі − 2022». Новая кніга Свабоды да гадавіны расейскай агрэсіі супраць Украіны

  • Аляксандар Лукашук

Вокладкі трылёгіі «Галасы Беларусі», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды»

Выйшла новая кніга «Бібліятэкі Свабоды», дзе да галасоў супраціву далучыліся галасы вайны. Піша бібліятэкар Свабоды Аляксандар Лукашук.

Чытаць «Галасы Беларусі − 2022» (PDF)

Тры гады новага беларускага адраджэньня можна апісаць трыма словамі: паўстаньне, турма, вайна. Гэтая трылёгія гістарычнага руху, кажучы словамі Гегеля, зьяўляецца шляхам усьведамленьня свабоды. У формулы ёсьць другая частка — свабоду трэба ўсьвядоміць як неабходнасьць.

Людзям, якія паўсталі, якіх кінулі за краты, якія змагаюцца за Ўкраіну, нічога ня трэба ўсьведамляць. Яны і ёсьць беларуская свабода, іх імёны — імёны свабоды, іх галасы — галасы гісторыі, нават калі яны змоўклі, як Міхася Жызьнеўскага, Вітольда Ашурка, ці заглушаныя, як Алеся Бяляцкага, Сяргея Ціханоўскага, Марыі Калесьнікавай.

Гэтыя сьведчаньні сабраныя ў трылёгіі «Бібліятэкі Свабоды» «Галасы Беларусі», кожны том якой прысьвечаны аднаму году.

Жахлівы і адначасова адчайна шчасьлівы — так называе гэты час укладальнік і рэдактар трылёгіі Сяргей Дубавец, які перачытаў, пераслухаў, перагледзеў тысячы сьведчаньняў, ад першых звонкіх нотаў надзеі 2020-га да магутнага Нобэлеўскага акорду, якім завяршыўся 2022-гі. Спынены беларускі час зламаўся і зрушыўся — такая выснова Сяргея Дубаўца. Ізноў аднавілася і загучала гісторыя.

Радыё Свабода заўсёды было голасам — суайчыньнікаў з вольнага сьвету, калі пачынала вяшчаньне ў 1954, галасам беларускіх гарадоў і вёсак, як называлася праграма навінаў на пачатку 1990-х, голасам усясьветнай салідарнасьці, калі прэзыдэнты і дысыдэнты з трыццаці краінаў чыталі імёны беларускіх палітвязьняў у ноч на новы 2011 год. Кнігі, тэлеперадачы, відэастрымы толькі ўзмацнялі гэты голас.

Сёньня, у гадавіну расейскай пачварнай агрэсіі супраць Украіны, мы ізноў публікуем кнігу галасоў — «Галасы Беларусі − 2022». 20 гадоў я пісаў прадмовы да ўсіх выданьняў «Бібліятэкі», але ўпершыню напісаў прадмову па-ўкраінску. Для кнігі, дзе гучаць галасы з вайны за свабоду, нельга было не напісаць па-ўкраінску. І па-беларуску.

КОЛИСКОВА

...І голос не відберуть у всіх, тільки в тебе.
І не відберуть у всіх Батьківщину, тільки в тебе.
І не у всіх заберуть волю, тільки в тебе.
І не всіх на війні вб’ють,
Тільки тебе.
Але любити будуть
Тільки тебе,
І поминати в молитві будуть
Тільки тебе,
Тому що голос Білорусі
Тільки ти.

КАЛЫХАНКА

...І голасу ўсіх не пазбавяць,
Толькі цябе.
І не пазбавяць усіх Радзімы,
Толькі цябе.
І ў турму ўсіх ня кінуць,
Толькі цябе.
І на вайне ўсіх не заб’юць,
Толькі цябе.
Але любіць будуць
Толькі цябе.
І памінаць у малітве будуць
Толькі цябе,
Бо голас Беларусі
Толькі ты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усе кнігі Бібліятэкі Свабоды
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выйшла «кніга кніг» Бібліятэкі Свабоды