Лукашэнка прызначыў намесьнікам камандуючага ВПС і войскамі СПА Леаніда Давідовіча. Хто гэта такі

Міг-29 ажыцьцяўляе пасадку на шашу Менск — Магілёў

Палкоўнік Леанід Давідовіч прызначаны намесьнікам камандуючага Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Ўзброеных сілаў Беларусі — начальнікам авіяцыі.

Указ аб гэтым сёньня падпісаў Аляксандар Лукашэнка.

Як паведамляе партал «Зеркало», раней Леанід Давідовіч займаў пасаду начальніка Баранавіцкага гарнізону. Ён нарадзіўся і скончыў школу ў Баранавічах, яму 45 год.

«Першым месцам службы стала 61-я зьнішчальная авіябаза, дзе Леанід Давідовіч ад лейтэнанта даслужыўся да званьня падпалкоўніка і лётаў на зьнішчальніках чацьвёртага пакаленьня МіГ-29», — цытуе «Зеркало» мясцовую газэту «Наш край».

У 2005–2007 гадах Давідовіч вучыўся ў Вайскова-паветранай акадэміі імя Гагарына ў Моніна Маскоўскай вобласьці. У 2010-м стаў камандзірам авіяцыйнай эскадрыльлі (на МіГ-29). У 2016–2018 гг. праходзіў навучаньне ў Вайсковай акадэміі Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі. На месца кіраўніка 61-й зьнішчальнай авіябазы прыйшоў з пасады намесьніка начальніка 2-га ўпраўленьня галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генштабу Ўзброеных сілаў Беларусі.

Леанід Давідовіч жанаты, мае трох сыноў.

Андрэй Лук'яновіч

Папярэднік Давідовіча на пасадзе — палкоўнік Андрэй Лук'яновіч пайшоў на падвышэньне 13 сьнежня мінулага году, ён быў прызначаны камандуючым Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Ўзброеных сілаў Беларусі 13 сьнежня мінулага году.

Лук'яновіч знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу як асоба, якая была датычная да расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.