Ідэя аплікацыі «Зубрык» (шукаць лепш па выразе «Слоўнік з Зубрыкам») узьнікла год таму, кажа стваральніца.
«Я і мае дзеці вывучаем мовы. Мы зразумелі, што для вывучэньня беларускай мовы аплікацыі няма, і тым больш для дзяцей, такой цікавай, прыгожай, якой хацелася б карыстацца. Акрамя таго, мы пераехалі ў Польшчу, і тут, відавочна, дэфіцыт беларускай мовы, яе нестае. Я зразумела, што зрабіць такую аплікацыю будзе добра і для маіх дзяцей, і некаму яшчэ спатрэбіцца, каб падтрымліваць цікавасьць да мовы. Сама аплікацыя — гэта праект, які хоча жыць, бо шмат падтрымкі ад іншых людзей, шмат цікавасьці. Ну, і сам Зубрык — пэрсанаж вясёлы, жыцьцяздольны, які хоча існаваць», — расказвае стваральніца праграмы Алена Жук.
Алена кажа, што ёй хацелася зрабіць так, каб вывучэньне мовы было ня сумным і не гвалтоўным. Галоўны герой аплікацыі — Зубрык, які атрымлівае заахвочваньне і пачастункі. Ён можа запрасіць да сябе іншых сяброў-жывёлак, калі дзіця вывучае словы.
«Акрамя таго, Зубрык будзе расьці. З аднаго ўзросту пераходзіць у іншы, па меры таго як назіраецца прагрэс у вывучэньні беларускіх словаў. Самі словы — гэта інтэрвальнае паўтарэньне па картках, зь якіх можна пачуць слова, разгледзець карцінку, а апошні этап — скласьці слова зь літар. Таксама ў плянах яшчэ падзяліць вывучэньне на тры ўзросты, бо самым маленькім будзе цяжкавата складаць слова зь літар, але будзе дастаткова проста пачуць і разгледзець. Атрымліваецца, тры этапы гульні, а па завяршэньні будзе ўзнагарода, якой можна пачаставаць Зубрыка ці запрасіць да яго сябра пагуляць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сакрэтны крамлёўскі дакумэнт падрабязна апісвае пляны расейскага захопу Беларусі да 2030 году«Мне вельмі дапамагае сям’я»
Аплікацыя яшчэ распрацоўваецца. А пачатак ёй даў хакатон «Культурны код», арганізаваны Беларускай радай культуры.
«На ім сустрэліся людзі, якіх зацікавіў праект, якія ахвотна дзяліліся досьведам, сьвежымі ідэямі ў распрацоўцы, у дызайне. Я сустрэла шмат падтрымкі і цікавасьці — гэта падтрымлівае і натхняе. Падчас хакатону была атмасфэра вельмі экалягічная, атмасфэра супрацы, а не канкурэнцыі, усе падтрымлівалі адно аднаго, дзяліліся найлепшай інфармацыяй, здольнасьцямі. Гэты хакатон стаў добрым штуршком».
На хакатоне пераможцы атрымалі міні-гранты з ініцыятывы бізнэсмэна, актыўнага сябра беларускай дыяспары ЗША Віталя Самсонава.
«Дзякуючы гэтаму „Зубрык“ таксама атрымаў магчымасьць зьвярнуцца да візуальных бібліятэк, правесьці конкурс сярод мастакоў і іншае. Аплікацыя будзе ўдасканальвацца, магчыма, трэба будзе і пашырыць каманду, запрасіць некага да распрацоўкі».
Цяпер каманда «Зубрыка» супрацоўнічае зь беларускімі мастакамі, якія ствараюць для аплікацыі ўнікальныя вобразы.
«Мне вельмі дапамагае ў стварэньні аплікацыі сям’я, напрыклад, мая дачка вельмі хоча агучваць самога Зубрыка, і малодшы сын таксама. Сям’я шмат у чым падтрымлівае, муж кансультуе ў тэхнічных пытаньнях, праграмаваньні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларуская мова не бабулін сэрвіз, які дастаюць і праціраюць ад пылу толькі на сьвяты». Ініцыятыва «Годна» запускае моўны маратон«Магчыма, менш за 1% дзяцей навучаюцца па-беларуску»
Алена ўпэўненая, што стан беларускай мовы цяпер катастрафічны.
«Калі паглядзець на дадзеныя за 2018 год, то толькі 1,3% вучняў гарадзкога насельніцтва вучыліся па-беларуску. Па ўсёй Беларусі было 10%, але гэта за кошт вясковых вучняў. І калі раней мы бачылі, што беларуская мова магла пашырацца хаця б праз тое, што гэтыя вясковыя дзеці вучыліся па-беларуску, то цяпер гэта скарачаецца. Я ўпэўненая, сытуацыя значна пагоршылася, цяпер, магчыма, менш за 1% дзяцей навучаюцца па-беларуску».
Бацькам вельмі цяжка ствараць і падтрымліваць асяродкі, дзе б дзіця чула жывую мову і далучалася да яе, мяркуе Алена. Няма падтрымкі і з боку дзяржавы, перакананая яна.
«Мы зараз у Польшчы, і я бачу, наколькі моцна польская дзяржава падтрымлівае патрыятызм, любоў да радзімы, мовы, сваіх куткоў, на ўзроўні проста дзіцячых садкоў і школаў. Тут шмат візуальных матэрыялаў: мульцікаў, песень, калыханак, усяго астатняга, добра аформленага. Відаць, што на гэта ідуць сродкі, што ёсьць людзі, якія з гэтым працуюць».
Усім, хто хоча стварыць свой праект, але баіцца, Алена раіць пачынаць дзейнічаць, шукаць аднадумцаў і людзей, якіх бы ідэя зацікавіла.
«Трэба перастаць баяцца і пачаць рухацца, нягледзячы на тое, што гэта можа падавацца непатрэбным, крыху небясьпечным, няправільным, — але рабіць і глядзець, што атрымліваецца», — кажа жанчына.
У плянах праекту таксама дадаць распазнаваньне словаў (Artificial Intelligence для распазнаваньня маўленьня і рэчаў) і перанесьці «Зубрыка» ў віртуальную рэальнасьць, дапоўненую рэальнасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэтыя змагары па-беларуску ня ўмеюць гаварыць». Як дзяржаўныя СМІ і блогеры «адзначылі» Дзень роднай мовы