Financial Times расказала, як расейская эліта пратэставала супраць вайны ва Украіне і з кім раіўся Пуцін

Бюст Пуціна ў Леніпградзкай вобласьці Расеі. 2015

Расейскія эліты выступалі супраць уварваньня Расеі ва Ўкраіну і не падтрымліваюць вайну, але ня могуць паўплываць на прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна.

Той не дае падстаў лічыць, што гатовы спыніць уварваньне, і праяўляе ўсё больш рашучасьці давесьці яго да канца. Пра гэта расказваецца ў матэрыяле газэты Financial Times.

Выданьне сьцьвярджае, што падчас пандэміі COVID-19 Пуцін ізаляваў сябе ад параўнальна лібэральных дарадцаў. Першыя месяцы ён, паводле зьвестак газэты, правёў у сваёй рэзыдэнцыі на Валдаі ў кампаніі свайго даўняга сябра Міхаіла Кавальчука, які «натхніў прэзыдэнта на асэнсаваньне сваёй гістарычнай місіі», што прывяло таго да ідэі ўварвацца ва Ўкраіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны: мэта Расеі зьмяніць уладу ва Ўкраіне засталася ранейшаю, Крэмль рыхтуецца да працяглай вайны

Рыхтуючы ўварваньне, гаворыцца ў публікацыі, Пуцін абапіраўся на словы яшчэ аднаго свайго прыяцеля, лідэра апазыцыйнай партыі ў Радзе і былога высокапастаўленага ўкраінскага чыноўніка Віктара Медзьведчука.

Той нібыта пераканаў прэзыдэнта, што ўкраінцы сустрэнуць расейскае войска «з распасьцёртымі абдымкамі». Згодна з плянам, піша Financial Times, Медзьвядчук павінен быў кіраваць Украінай пасьля ўварваньня, у яго падтрымку відэазварот павінен быў запісаць былы прэзыдэнт краіны Віктар Януковіч.

Падтрымала плян Фэдэральная служба бясьпекі, супраць выступалі ў Службе зьнешняй выведкі і ў Генэральным штабе. Супраць выказаўся нават сакратар Савету бясьпекі Мікалай Патрушаў, адзначыла крыніца выданьня, але Пуцін яму заявіў, што валодае тэмай лепш.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму праваліўся расейскі наступ ва Ўкраіне. Расьсьледаваньне New York Times

Большая частка адміністрацыі Пуціна і эканамічнага блёку ўраду расказалі сябрам, што самі яны супраць вайны, але чуюцца бясьсільнымі, працягвае выданьне. Некаторыя лібэральныя чыноўнікі ўжо падчас вайны ўгаворвалі прэзыдэнта спыніць уварваньне, але той заявіў, што разумее, што Расея плаціць вялізную цану, але яна апраўданая.

Пуцін разьлічвае, кажуць блізкія да Крамля крыніцы брытанскай газэты, што Расея больш прагне перамагчы ў вайне, чым Захад — падтрымаць Украіну. Выданьне расказвае, як адзін з расейскіх алігархаў спытаў у міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова, чаму Пуцін ня слухаў дарадцаў, калі рыхтавалася ўварваньне.

Лаўроў, піша газэта, даведаўся пра пачатак вайны ноччу 24 лютага, за некалькі гадзін да пачатку ўводу расейскіх войскаў. «У Пуціна тры дарадцы, — адказаў міністар алігарху. — Іван Грозны. Пётр I. Кацярына II».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве насупраць стадыёна «Лужнікі» перад выступам Пуціна паставілі зэнітны комплекс «Панцыр-С1»

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.