Сьвятлану Ціханоўскую запрасілі на сэсію Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, якая праходзіць 23–24 лютага ў Вене. Запрашэньне падпісала прэзыдэнтка ПА АБСЭ Маргарэта Сэдэрфэльт.
Сьвятлана Ціханоўская выступіла на арганізаваным Швэцыяй круглым стале «Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі – барацьба за дэмакратыю». Як перадае яе прэсавая служба, Ціханоўская расказала пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, пра рэпрэсіі і зьнішчэньне арганізацый грамадзянскай супольнасьці, згадала палітвязьняў Алеся Бяляцкага, Дар’ю Лосік, Анджэя Пачобута, Аляксандру Касько, Віктара Макаранку — і падкрэсьліла:
«Такіх гісторый тысячы. І за кожным імем стаіць чалавек, зь сямʼёй, зь сябрамі. Чалавек, такі самы, як вы і я, які павінен жыць свабодным і шчасьлівым жыцьцём, уносячы свой уклад у грамадзтва ў свабоднай і дэмакратычнай Беларусі».
Як паведаміла прэсавая служба Ціханоўскай, яна расказала, сярод іншага, пра катаваньні ў беларускіх турмах.
«Усе палітвязьні павінны быць вызваленыя і рэабілітаваныя. Усе асобы, якія знаходзяцца ў вымушаным выгнаньні, павінны мець магчымасьць бясьпечна вярнуцца дадому. Усе палітычна матываваныя справы павінны быць закрытыя. Толькі тады можа пачацца нацыянальны дыялёг... Прашу лічыць рэжым у Менску злачынным. Такія рэжымы нельга ўлагоджваць», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская.
Ціханоўская папрасіла ўдзельнікаў пасяджэньня памятаць асноўныя тэзісы:
- Беларусь — не Расея,
- Лукашэнка не прадстаўляе беларускі народ,
- Расейскія войскі павінны быць выведзеныя,
- Лукашэнка павінен паўстаць перад трыбуналам.
Сьвятлана Ціханоўская прапанавала:
- аднавіць спэцыяльную групу па Беларусі ў ПА АБСЭ, якая існавала раней, як форум для працягу супрацоўніцтва;
- замарозіць любы ўдзел рэжыму Лукашэнкі ў любых ініцыятывах і мерапрыемствах АБСЭ;
- дыпляматаў Лукашэнкі яна заклікала адлучыць ад ПА АБСЭ, бо ніводзін з гэтых людзей ня мае мандату ад беларускага народу.
«Калі мы гаворым пра Беларусь, важна выкарыстоўваць правільную мову і называць рэчы сваімі імёнамі. Не называйце яго прэзыдэнтам. Ён ім не зьяўляецца. Памятайце, што на Ўкраіну напаў менавіта рэжым, а ня простыя беларусы», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская.
«Лукашэнка павінен паўстаць перад трыбуналам. Дыктатар і яго набліжаныя павінны быць прыцягнутыя да адказнасьці. Мы заклікаем стварыць трыбунал за злачынствы Лукашэнкі супраць чалавечнасьці ў Беларусі, а таксама за ваенныя злачынствы ва Ўкраіне», — дадала яна.
Яна заклікала стварыць у парлямэнтах усіх краін АБСЭ групы сяброў дэмакратычнай Беларусі, у 15 краінах такія ўжо ёсьць.
Ціханоўская таксама сустрэнецца з дэпутатамі аўстрыйскага парлямэнту і возьме ўдзел у акцыі да гадавіны пачатку расейскай вайны супраць Украіны.
Візыт афіцыйнай дэлегацыі ў Вену
Беларускім дэпутатам Нацыянальнага сходу таксама далі візы для ўдзелу ў паседжаньні ПА АБСЭ ў Вене, якое праходзіць 23–24 лютага.
«81 дэпутат выступаў за непрадастаўленьне візаў расейскай і беларускай дэлегацыям», — расказаў DW дэпутат Андрэй Савіных.
«Пасяджэньне ПА АБСЭ праходзіць у напружанай абстаноўцы, абумоўленай сур’ёзным расейска-ўкраінскім крызісам. Выступленьні дакладчыкаў і нацыянальных парлямэнцкіх дэлегацый краін Захаду носяць аднабаковы антырасейскі характар. Парлямэнтарыі гэтых краін ня робяць крокаў па ўстанаўленьні абʼектыўнага прафэсійнага дыялёгу па пытаньні сытуацыі ва Ўкраіне», — заявіў БелТА старшыня Пастаяннай камісіі Савету Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Сяргей Рачкоў, які цяпер у Вене.
Андрэй Савіных выступіў на пасяджэньні Агульнага камітэту па палітычных пытаньнях і бясьпецы ПА АБСЭ.
«Я хацеў бы заявіць, што пралёгам да спэцыяльнай ваеннай апэрацыі, якая праходзіць ва Ўкраіне, стала пашырэньне NATO на Ўсход, якое суправаджалася разьмяшчэньнем наступальных узбраеньняў. Сёньня больш як 30 тысяч салдат NATO, узброеных наступальнай зброяй, сканцэнтраваныя паблізу межаў Беларусі», — сказаў Савіных.
Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
Апрача беларускіх дэпутатаў, у сэсіі ПА АБСЭ ўдзельнічаюць 18 расейскіх дэпутатаў. Літва адмовіліся ад удзелу ў зімовай сэсіі. Паводле папярэдніх зьвестак, Польшча — таксама. Дэлегацыя Вярхоўнай Рады Ўкраіны заявіла, што ня будзе ўдзельнічаць у сэсіі, але адправіцца ў Вену для перамоваў з партнэрамі, паведамілі ўкраінскія СМІ.
МЗС Аўстрыі растлумачыў, што па міжнародным праве краіна абавязаная выдаваць візы ўдзельнікам мерапрыемстваў АБСЭ. Яны будуць дзейнічаць толькі ў Аўстрыі і толькі на час сэсіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У АБСЭ асудзілі рэпрэсіі ў Беларусі, згадалі перасьлед Бяляцкага і Пачобута ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Ціханоўская спрабавала пагутарыць з прадстаўніком Лукашэнкі на сустрэчы Рады міністраў АБСЭ ў Лодзі. ФАТАФАКТ