Рэспубліканец Майкл Маккол, старшыня камітэту замежных спраў Палаты прадстаўнікоў, заявіў 21 лютага падчас візыту ва ўкраінскую сталіцу, што кансэнсус у Вашынгтоне схіляецца да адпраўкі ва Ўкраіну ракет большай далёкасьці і зьнішчальнікаў, аб якіх даўно просіць Кіеў, што змагаецца з расейскім уварваньнем. Пра гэта паведаміў «Голас Амэрыкі».
Па словах Маккола, адміністрацыя Джо Байдэна і Рада нацыянальнай бясьпекі па-ранейшаму разыходзяцца ў думках адносна таго, «як хутка і якую зброю» трэба адправіць Украіне, якая хоча атрымаць ракеты клясы «зямля — зямля», ATACMS і зьнішчальнікі F-16.
«Але я бачу рост падтрымкі [у дачыненьні да перадачы] артылерыі і самалётаў», — сказаў ён журналістам у цэнтры Кіева.
Вашынгтон даў Кіеву дапамогу ў галіне бясьпекі на суму 24 мільярды даляраў з пачатку расейскага ўварваньня, але пакуль устрымліваецца ад адпраўкі самалётаў і ракет вялікай далёкасьці.
Маккол пабываў у Кіеве ў складзе дэлегацыі Кангрэсу ўсяго праз дзень пасьля таго, як прэзыдэнт Джо Байдэн падчас нечаканага візыту ва ўкраінскую сталіцу паабяцаў выдзеліць 500 мільёнаў даляраў на новую вайсковую дапамогу.
Маккол, які таксама сустрэўся з украінскім прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім, сказаў, што ўкраінскі лідэр перадаў яму сьпіс неабходнай Кіеву зброі, уключаючы зьнішчальнікі F-16 і ракетныя комплексы ATACMS, якія, паводле яго, могуць «даляцець да Крыму», каб зьнішчыць іранскія бесьпілётнікі, якія выкарыстоўваюцца Расеяй для нападаў па ўкраінскай інфраструктуры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рызыка, на якую хацеў пайсьці Байдэн»: закулісьсе візыту прэзыдэнта ЗША ў Кіеў. ФОТА і ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніхто не нападае на Расею». У ЗША і NATO адрэагавалі на заявы Пуціна ў пасланьні расейскаму парлямэнту