У Іране на сьмяротнае пакараньне асудзілі выкрадзенага за мяжой апазыцыянэра

Джамшыд Шармахд на ранейшых судовых слуханьнях разам са сваім адвакатам

Удзельніка іранскай апазыцыйнай групоўкі, якая дзейнічае ў выгнаньні ў ЗША, асудзілі на сьмяротнае пакараньне нібыта за ўдзел у арганізацыі тэракту.

Пра сьмяротны прысуд апазыцыйнаму дзеячу піша агенцтва AP. Мужчыну прызналі вінаватым у арганізацыі сьмяротнага тэрарыстычнага нападу ў мячэці ў 2008 годзе.

Па дадзеных уладаў, 67-гадовы Джамшыд Шармахд, які жыў у ЗША, але мае двайное, ірана-нямецкае грамадзянства, быў лідэрам узброенага аддзяленьня групоўкі, якая выступае за аднаўленьне манархіі, зрынутай у Іране ў 1979 годзе.

«Яго сям’я сьцьвярджае, што ён быў проста прадстаўніком апазыцыйнай групы і адмаўляе сваю датычнасьць да якіх-небудзь нападаў. Яны абвінавачваюць іранскую выведку ў выкраданьні яго з Дубая ў 2020 годзе», — піша АР.

Агенцтва дадае, што прысуд Шармахду вынес Рэвалюцыйны суд, у якім слуханьні праходзілі ў закрытым рэжыме і, па словах праваабаронцаў, абвінавачаныя ня маюць магчымасьці выбраць сабе адваката або ўбачыць доказы супраць сябе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нападніку на пісьменьніка Салмана Рушдзі іранскія ўлады вырашылі падарыць дзесяць сотак зямлі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трансьляцыю выступу прэзыдэнта Ірану перапынілі хакеры