«Ніхто не нападае на Расею». У ЗША і NATO адрэагавалі на заявы Пуціна ў пасланьні расейскаму парлямэнту

Дарадца прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна па бясьпецы Джэйк Саліван

У Белым доме і NATO раскрытыкавалі словы Ўладзіміра Пуціна, які 21 лютага выступіў з пасланьнем Фэдэральнаму сходу і скардзіўся на пагрозу Расеі з боку краін Захаду, а таксама заявіў, што Расея прыпыняе свой удзел у Дамове аб стратэгічных наступальных узбраеньнях.

Дарадца Белага дома па нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван заявіў журналістам падчас выступу Пуціна, што «гэта была вайна выбару» для Расеі, і што Масква магла б спыніць канфлікт, калі б захацела.

«Ніхто не нападае на Расею. Ёсьць некаторая абсурднасьць у сьцьвярджэньнях, што Расея знаходзілася пад той ці іншай формай ваеннай пагрозы з боку Ўкраіны ці каго-небудзь яшчэ», — сказаў Саліван у Варшаве.

«Расея перастае ваяваць ва Ўкраіне і сыходзіць дадому, вайна заканчваецца. Украіна перастае ваяваць, а ЗША і кааліцыя перастаюць ім дапамагаць ваяваць — тады Ўкраіна зьнікае з мапы», — дадаў ён.

Выступ Пуціна адбыўся за некалькі гадзін да таго, як прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, які прыбыў у Польшчу з Кіева ўвечары 20 лютага, выступіць зь вялікай палітычнай прамовай у Варшаве і сустрэнецца з польскімі лідэрамі і іншымі саюзьнікамі, каб абмеркаваць вайну Расеі супраць Украіны — найбуйнейшы канфлікт у Эўропе з часоў Другой сусьветнай вайны.

Саліван сказаў, што Байдэн сканцэнтруе сваю прамову на больш шырокім уроку Ўкраіны ў тым, што ён лічыць «пераломным момантам» у глябальнай барацьбе паміж дэмакратыямі і аўтакратычнымі рэжымамі.

21 лютага Пуцін, сярод іншага, заявіў, што Расея прыпыняе свой удзел у Дамове аб стратэгічных наступальных узбраеньнях. Паводле Пуціна, РФ з дамовы не выходзіць, аднак выконваць яе ня будзе.

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен назваў «безадказным» крокам гэтую заяву Пуціна. Па словах Блінкена, Злучаныя Штаты будуць уважліва сачыць за рэальнымі дзеяньнямі Расеі і гатовыя прыняць меры, каб гарантаваць бясьпеку сабе і саюзьнікам.

Дзяржсакратар таксама сказаў, што ў любы момант гатовы вярнуцца да перамоваў з Расеяй аб абмежаваньні ўзбраеньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін заявіў, што Расея прыпыняе ўдзел у Дамове аб стратэгічных узбраеньнях

Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства ЭЗ Жузэп Бурэль сказаў, што Масква дэмантуе сыстэму бясьпекі, якая склалася пасьля завяршэньня халоднай вайны.

Адрэагаваў на гэты выступ Пуціна і генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг.

«Я шкадую з нагоды сёньняшняга рашэньня Расеі спыніць свой удзел у пагадненьні. Сёньняшнім рашэньнем наконт Дамовы аб стратэгічных наступальных узбраеньнях уся архітэктура кантролю за ўзбраеньнем зруйнаваная. Я рашуча заклікаю Расею перагледзець сваё рашэньне і паважаць дзейныя дамоўленасьці», — заявіў генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг у Брусэлі на супольнай прэсавай канфэрэнцыі зь міністрам замежных спраў Украіны Дзьмітром Кулебам і высокім прадстаўніком Эўразьвязу ў пытаньнях зьнешняй палітыкі і бясьпекі Жузэпам Бурэлем.