У Менскім гарадзкім судзе на 6 сакавіка прызначаны пачатак суду ў крымінальнай справе за спробу падпалу дома Алега Гайдукевіча ў чэрвені 2021 года.
Дзяржаўныя СМІ паведамляюць, што амаль усе фігуранты справы знаходзяцца пад вартай, але па зьвестках праваабаронцаў за кратамі ўтрымліваюць некалькі чалавек, адзначае «Вясна».
Гайдукевіч сьцявярджаў, што падчас здарэньня невядомыя кінулі тры бутэлькі з запальнай сумесьсю. Пацярпеў тады толькі кот дэпутата. Справу будзе разглядаць судзьдзя Сяргей Хрыпач, вядомы сваім удзелам у перасьледзе апанэнтаў Лукашэнкі.
Падсудным ставяць у віну 14 артыкулаў КК:
- ч. 1 і 2 арт. 357 — змова ці іншыя дзеяньні, зьдзейсьненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады;
- ч. 1 арт. 359 — акт тэрарызму ў адносінах да дзяржаўнага або грамадзкага дзеяча;
- ч. 2 і 3 арт. 289 — акт тэрарызму;
- арт. 364 — гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў;
- ч. 1 арт. 342 — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;
- ч. 1, 2, 3 арт. 295-3 — незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да прадметаў, якое дзівіць дзеяньне якіх заснавана на выкарыстаньні гаручых рэчываў;
- ч. 1 і 3 арт. 361-1 — стварэньне экстрэмісцкага фарміраваньня альбо ўдзел у ім;
- ч. 2, 3 і 4 арт. 295 — незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў;
- ч. 1 і 2 арт. 333-1 — незаконнае перамяшчэньне праз дзяржаўную мяжу Беларусі агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў, а таксама іншых відаў узбраеньня і ваеннай тэхнікі;
- ч. 3 арт. 424 — злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі;
- ч. 2 арт. 406 — неданясеньне аб злачынстве;
- ч. 3 арт. 425 — бязьдзейнасьць службовай асобы;
- ч. 1 арт. 361-3 — удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраваньні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяньняў;
- ч. 2 арт. 243 — ухіленьне ад выплаты сум падаткаў, збораў.
Па справе праходзяць 18 абвінавачаных.
Сярод іх — сям’я Вайцяховічаў з чатырох чалавек, Вольга Петух, Сяргей Лісоўскі, якія ўтрымліваюцца пад вартай, Аляксей Міхайлаў, Дзьмітрый Невяркевіч, Эдуард Пястрак Мікалай Рой, Уладзімер Савянкоў, Сяргей Сакалоў, Дзяніс Філончык, Павел Чыхінскі і Пётр Юркевіч.
Завочна будуць судзіць экс-рэстаратара Вадзіма Пракопʼева і двух былых сілавікоў — Ігара Чамякіна і Дзяніса Хаміцэвіча — супраць іх распачалі так званую спэцыяльную вытворчасьць.
Дзевяць чалавек у «сьпісе тэрарыстаў»
23 сьнежня 2022 года Камітэт дзяржаўнай бясьпекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці». Сярод іх і дзевяць фігурантаў гэтай справы: Вадзім Пракопʼеў, Ігар Чамякін, Дзяніс Хаміцэвіч, Віталь Вайтэховіч, Вольга Вайтэховіч, Сяргей Лісоўскі, Вольга Петух, Уладзімір Савянкоў, Сяргей Сакалоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракоп’еў пра акно магчымасьцяў у выпадку ўдзелу Беларусі ў вайне, умовы для «абмену палоннымі» і рахункі для палітвязьняў