Працэс у справе за спробу падпалу дома Алега Гайдукевіча ў чэрвені 2021 году распачаўся 6 сакавіка 2023 году ў Менскім гарадзкім судзе. У справе было 18 абвінавачаных. Сярод іх — сям’я Вайцяховічаў з чатырох чалавек, Вольга Петух, Сяргей Лісоўскі, якія ўтрымліваюцца пад вартай. Таксама завочна судзілі экс-рэстаратара Вадзіма Пракопʼева і двух былых сілавікоў.
Справу паводле 14 артыкулаў Крымінальнага кодэкса разглядаў судзьдзя Сяргей Хрыпач.
Інфармацыйнае агенства БелТА паведамляе, што 21 чэрвеня фігурантам агучылі выракі. Прысуды выглядаюць наступным чынам:
- Вадзім Пракоп’еў завочна асуджаны на 25 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 1 тысячу базавых велічынь, пазбаўлены ўсіх вайсковых званьняў;
- Ігар Чамякін і Дзяніс Хаміцэвіч — на 20 і 16 гадоў калёніі адпаведна завочна з адбыцьцём першых 5 гадоў ва ўмовах турмы, пазбаўленыя вайсковых званьняў;
- Сяргей Лісоўскі — да 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму з адбыцьцём першых 5 гадоў ва ўмовах турмы, пазбаўлены воінскага званьня;
- Пётр Юркевіч — 9 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму з адбыцьцём першых 5 гадоў ва ўмовах турмы;
- Павал Чыхінскі, Дзяніс Філончык — да 9 гадоў калёніі узмоцненага рэжыму кожны;
- Віталь Вайцяховіч (бацька) — 19 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з адбыцьцём першых 5 гадоў ва ўмовах турмы;
- Анастасія Вайцяховіч (жонка сына) і Вольга Вайцяховіч (жонка Віталя) — да 11 гадоў калёніі агульнага рэжыму кожная;
- Уладзіслаў Вайцяховіч (сын) — да 21 года калёніі ўзмоцненага рэжыму з адбыцьцём першых 5 гадоў ва ўмовах турмы, пазбаўлены воінскага званьня;
- Уладзімер Савянкоў — да 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму з адбыцьцём першых 2 гадоў ва ўмовах турмы, пазбаўлены воінскага званьня;
- Дзьмітрый Невяркевіч — 11 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму з пазбаўленьнем права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў на тэрмін пяць гадоў, штраф 3000 базавых велічынь;
- Вольга Петух — да 10 гадоў калёніі агульнага рэжыму;
- Мікалай Рой — да 12 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму;
- Сяргей Сакалоў — да 14 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў, пазбаўлены воінскага званьня;
- Эдуард Пястрак — да 3,5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму з пазбаўленьнем права займаць дзяржаўныя пасады з пазбаўленьнем права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем функцый прадстаўніка ўлады тэрмінам на пяць гадоў, таксама пазбаўлены воінскага званьня;
- Аляксей Міхайлаў — да 2 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за «неданясеньне пра злачынства». Яго вызвалілі ў зале суда па адбыцьці тэрміну.
Што здарылася летам 2021 года?
У чэрвені 2021 года Гайдукевіч заявіў, быццам ягоны дом хацелі падпаліць — кінулі тры бутэлькі з запальнай сумесьсю. Пацярпеў тады толькі кот дэпутата.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За спробу падпалу дома дэпутата Гайдукевіча амаль 1,5 года за кратамі трымаюць цэлую сям’юФігуранты справы
У якасьці абвінавачаных у крымінальнай справе праходзілі 18 чалавек: Вадзім Пракопʼеў, Дзяніс Хаміцэвіч, Ігар Чамякін, Віталь Вайцяховіч, Анастасія Вайцяховіч, Уладзіслаў Вайцяховіч, Вольга Вайцяховіч, Сяргей Лісоўскі, Аляксей Міхайлаў, Дзмітрый Невяркевіч, Эдуард Пястрак, Вольга Петух, Мікалай Рой, Уладзімер Савянкоў, Сяргей Сакалоў, Дзяніс Філончык, Павал Чыхінскі і Пётра Юркевіч.
Сярод фігурантаў справы ў СІЗА КДБ утрымліваецца сямʼя Вайцяховічаў з Барысава: муж і жонка Віталь і Вольга, іх сын Уладзіслаў і ягоная жонка Анастасія. Зь дзяржаўнага ТБ сілавікі заявілі, што Вайцяховічы спрабавалі падпаліць дом дэпутата Гайдукевіча і машыну судзьдзі. Вядома, што КДБ доўгі час (яшчэ да атакі на дом Гайдукевіча) пільна сачыў за імі, але затрымаў іх толькі празь месяц пасьля.
Вольга Петух — супрацоўніца гатэля «Эўропа», утрымліваецца ў СІЗА-1.
Павал Чыхінскі — 44-гадовы сьледчы родам з Баранавічаў. Пасьля заканчэньня БДУ працаваў у пракуратуры Фрунзэнскага раёну Менску, а пасьля перайшоў у Сьледчы камітэт. Апошняе месца працы — старшы сьледчы ўпраўленьня СК па Менску. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» і «злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі, якія пацягнулі цяжкія наступствы».
Эдуард Пястрак — 39-гадовы інструктар спэцназу ў вайсковай частцы 3214. Пестрака абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 425 КК («Бязьдзеяньне службовай асобы, якая займае высокую службовую пасаду, або якое пацягнула цяжкія наступствы»).
Арцём Ярмак — 35-гадовы былы сілавік, якога абвінавацілі у тым, што ён «даваў парады Вайцяховічам у падпалах».
Алег Сакалоў — 46-гадовы вайсковы пэнсіянэр зь Ліды. Яго арыштавалі амаль адразу пасьля затрыманьня Вайцяховічаў. З прэс-рэлізу КДБ вынікала, што зрабіць ён нічога не пасьпеў, акрамя таго, што забраў нейкую зброю і схаваў яе. Яму паставілі ў віну шэсьць артыкулаў, сярод якіх таксама «тэрарызм».
Сяргей Лісоўскі — 46-гадовы менчук. Працаваў у кампаніі Eurocar, якая займалася здачай аўтамабіляў у арэнду і перавозкамі. Сяргей пераконваў сілавікоў, якія вагаліся, што варта звольніцца са службы, а таксама дапамагаў ім зь пераездам у іншыя краіны і пошукам працы. Яго абвінавацілі паводле шасьці артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
Дзьмітры Невяркевіч — 40-гадовы мінчук, дырэктар кампаній па перавозках і арэндзе аўтамабіляў Eurocar і «Белеўрарэнт». Яго затрымлівалі ў лістападзе 2020 года за ўдзел у акцыях пратэсту. Дзьмітрыя абвінавачвацілі ў «змове з мэтай зьвяржэньня дзяржаўнай улады», удзеле ў «экстрэмісцкім фармаваньні» і ўхіленьні ад падаткаў.
Яшчэ пра траіх фігурантаў вядома мала. Гэта 41-гадовы Мікалай Рой (якога абвінавацілі па трох артыкулах, сярод якіх «удзел у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады»), Пётра Юркевіч (таксама паводле трох артыкулаў і «ўдзеле ў змове») і Аляксей Міхайлаў (абвінавацілі ў неданясеньні).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракурор запрасіў для Вадзіма Пракоп’ева 25 гадоў калёніі завочнаСпроба падпалу аддзелу міліцыі ў Фрунзэнскім раёне Менску
У гэтай справе таксама праходзілі затрыманыя нібыта за спробу падпалу аддзелу міліцыі ў Фрунзэнскім раёне Менску, якая адбылася 16 жніўня 2021 году, праз тры дні пасьля затрыманьня Вайцяховічаў. Гэта Ўладзімер Савянкоў і Дзяніс Філончык.
Уладзімір Савянкоў — былы намесьнік камандзіра атраду АМАП. Яму паставілі ў віну ч. 2 арт. 289 КК («Акт тэрарызму»).
Дзяніс Філончык — 39-гадовы грузчык зь Менску. Затрыманы ў справе спробы падпалу гарадзкога аддзелу міліцыі разам з Савянковым, але да падпалу недатычны. Яго абвінавацілі ў «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» і «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхару Лагойскага раёну, які спаліў аўтамабіль начальніка мясцовай ДАІ, прысудзілі 7 гадоў калёнііЯкія артыкулы паставілі ў віну фігурантам справы?
У залежнасьці ад ролі кожнага, фігурантаў абвінавацілі паводле 14 артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- ч. 1 і 2 арт. 357 («Змова ці іншыя дзеяньні, зьдзейсьненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»;
- ч. 1 арт. 359 («Акт тэрарызму ў адносінах да дзяржаўнага або грамадзкага дзеяча»);
- ч. 2 і 3 арт. 289 («Акт тэрарызму»);
- арт. 364 («Гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»);
- ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»);
- ч. 1, 2, 3 арт. 295-3 («Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да прадметаў, якое дзівіць дзеяньне якіх заснавана на выкарыстаньні гаручых рэчываў»);
- ч. 1 і 3 арт. 361-1 («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім»);
- ч. 2, 3 і 4 арт. 295 («Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў»);
- ч. 1 і 2 арт. 333-1 («Незаконнае перамяшчэньне празь дзяржаўную мяжу Беларусі агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў, а таксама іншых відаў узбраеньня і вайсковай тэхнікі»);
- ч. 3 арт. 424 («Злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі»);
- ч. 2 арт. 406 («Неданясеньне аб злачынстве»);
- ч. 3 арт. 425 («Бязьдзейнасьць службовай асобы»);
- ч. 1 арт. 361-3 («Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяньняў»);
- ч. 2 арт. 243 («Ухіленьне ад выплаты сум падаткаў, збораў»).
Каго судзілі завочна?
9 сьнежня 2022 года КДБ паведаміў, што ў дачыненьні да Вадзіма Пракопʼева, Ігара Чамякіна і Дзяніса Хаміцэвіча распачата спэцыяльнае вядзеньне. А ўжо 27 студзеня стала вядома, што справу накіравалі ў суд. Гэтых трох фігурантаў судзілі завочна.
Вадзім Пракопʼеў — 51-гадовы былы мінскі рэстаратар, цяпер — грамадзкі дзеяч, палітык і блогер. Адзін з арганізатараў палка «Пагоня», абвінавачаны ва ўчыненьні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 289, ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 289, ч. 3 арт. 289, ч. 4 арт. 295, ч. 2 арт. 295-3, ч. 3 арт. 333-1, ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357, ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 359, ч. 1 арт. 361-1, ч. 1 арт. 13 і арт. 364, ч. 5 арт. 16 і ч. 3 арт. 424 КК.
Ігар Чамякін — 31-гадовы былы афіцэр «Алмаза». Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 289, ч. 3 арт. 289, ч. 2 арт. 295, ч. 2 арт. 295-3, ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357, ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 359, ч. 3 арт. 361-1, ч. 1 арт. 13 і арт. 364 КК.
Дзяніс Хаміцэвіч — 40-гадовы былы сілавік. Яго абвінавацілі ва ўчыненьні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 289, ч. 2 арт. 295-3, ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357, ч. 3 арт. 361-1 КК.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны хацелі дапамагчы спыніць вайну». Што вядома пра сьветлагорскіх «рэйкавых партызанаў», якія атрымалі 66 гадоў калёніі на траіхДзевяць чалавек у «сьпісе тэрарыстаў»
23 сьнежня 2022 году Камітэт дзяржаўнай бясьпекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці». Сярод іх і дзевяць фігурантаў гэтай справы: Вадзім Пракопʼеў, Ігар Чамякін, Дзяніс Хаміцэвіч, Віталь Вайтэховіч, Вольга Вайтэховіч, Сяргей Лісоўскі, Вольга Петух, Уладзімір Савянкоў, Сяргей Сакалоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску за спробу падпалу дома Гайдукевіча завочна судзяць Пракопʼева. Усяго ў справе 18 падсудных